Генры Кісінджэру споўнілася 100 гадоў

Ён перажыў мноства палітыкаў, з якімі сустракаўся.

27.05.2023 / 12:50

Генры Кісінджэр. Фота: AP

Генры Кісінджэр (Хайнц Альфрэд Кісінгер) нарадзіўся 27 мая 1923 года ў Баварыі. У 1938 годзе сям'я, ратуючыся ад нацыстаў, пераехала ў ЗША. Сваякі, што засталіся ў Нямеччыне, загінулі ў полымі Халакосту.

Генры Кісінджэр займаў пасаду дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША ў 1969-75 гадах і дзяржаўнага сакратара ЗША з 1973 па 1977 год.

У 1973 годзе ён быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру з фармулёўкай «у знак прызнання заслуг у сувязі з перамір'ем у В'етнаме». Разам з Кісінджэрам прэмію атрымаў в'етнамскі дыпламат Ле Дык Тхо, аднак ён адмовіўся ад яе, заявіўшы, што в'етнамская вайна на той момант яшчэ не скончана.

Кісінджэр вядомы як ініцыятар палітыкі разрадкі ў адносінах ЗША і Савецкага Саюза, ён таксама адыграў ролю ў прарыўным паляпшэнні адносін ЗША з Кітаем у 1970-я гады.

Разам з тым Кісінджэра абвінавачвалі ў падтрымцы дыктатарскіх рэжымаў у краінах Лацінскай Амерыкі і ў дывановых бамбардзіроўках Камбоджы.

Nashaniva.com