Што вядома пра першую беларускую касманаўтку Марыну Васілеўскую

У асноўны экіпаж для палёту на МКС прызначылі беларуску Марыну Васілеўскую. За адной з яе трэніровак раней назіраў Лукашэнка.

29.05.2023 / 17:51

Марына Васілеўская дэманструе ўзровень сваёй падрыхтоўкі Аляксандру Лукашэнку

Бортправадніцы авіякампаніі «Белавія» 32 гады. Шэсць з іх яна працуе ў кампаніі.

Да гэтага дзяўчына 15 гадоў прафесійна займалася бальнымі танцамі, паведамляла «СБ. Беларусь сегодня». 

Марына Васілеўская (злева). Фота: тэлеграм-канал «Белавія»

Марына Васілеўская захапляецца дызайнам інтэр'ераў, займаецца аэробікай, гуляе ў бадмінтон і тэніс, вырошчвае гародніну на агародзе.

«Калі мне паведамілі гэтую навіну, я не паверыла, падумала, што мяне разыгрываюць, — казала яна ў інтэрв'ю «Мінскай праўдзе» пра магчымы палёт у космас. — Гэта ж нешта нерэальнае! Гэта немагчыма! Але потым падумала: «А чаму б і не?» Такі шанец бывае раз у жыцці, глупства адмаўляцца. І я вырашыла спрабаваць і рабіць усё, што ад мяне патрабуецца. Якраз думала аб планах на жыццё і разумела, што хачу рухацца далей і вышэй. Вышэй аказаўся толькі космас».

У канцы снежня за тым, як Марына ў цэнтрыфузе пераносіла васьміразовую перагрузку, назіраў Аляксандр Лукашэнка. Тады ён прыязджаў у падмаскоўны Зорны гарадок у навукова-даследчы выпрабавальны цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына. 

«Наогул малайчына!» — сказаў ёй Лукашэнка.

«Хацела б ад усяго нашага калектыву падзякаваць вам за гэтую магчымасць знаходзіцца тут і за падтрымку. Шалёна шчаслівая, што ў нас ёсць шанец быць у ліку кандыдатаў для палёту ў космас. І я з упэўненасцю магу сказаць, што мы гатовыя з гонарам і добрай якасцю прадставіць нашу краіну на міжнароднай касмічнай станцыі», — казала Лукашэнку Марына Васілеўская.

Яе дублёрам прызначылі беларускага дзіцячага хірурга Анастасію Лянкову. Яна скончыла педыятрычны факультэт БДМУ, працуе у РНПЦ дзіцячай хірургіі і па сумяшчальніцтве асістэнткай на кафедры нармальнай анатоміі ў медычным універсітэце.

У 2019-м яе адзначылі як найлепшую маладую спецыялістку ў галіне аховы здароўя.

Запуск касмічнага карабля «Саюз-24», у камандзе якога беларуска паляціць у космас, запланаваны на 15 верасня 2023 года.

Камандзірам карабля ў гэтым палёце стане расійскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі, вынікае з інфармацыі цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў (ЦПК).

Акрамя Васілеўскай і Навіцкага, у космас у якасці бортінжынера адправіцца астранаўт NASA Колдвел Дайсан Трэйсі.

Дублёрамі, акрамя Лянковай, прызначаныя расійскі касманаўт Іван Вагнер і астранаўт NASA Пеціт Дональд Рой.

Чытайце таксама: 

Стала вядома прозвішча беларускі, якую неўзабаве запусцяць у космас

Nashaniva.com