Расіянін спрабаваў прарвацца праз польска-беларускую мяжу ў бок Беларусі. Праз гэта рух на памежным пераходзе Цярэспаль-Брэст прыпынены

Як паведамляе канал «МотолькоПомоги» са спасылкаю на чаты, сёння каля 8:30 чорны BMW Х5, за рулём якога, папярэдне, быў грамадзянін РФ з Чачні, спрабаваў прарвацца праз мяжу з Польшчы ў Беларусь. Ён пратараніў польскі шлагбаўм, але прабіў колы на сярэдзіне моста на памежным пераходзе Цярэспаль-Брэст. 

30.05.2023 / 10:11

Людзі ў чатах пішуць, што на сярэдзіне моста над Бугам расейца злавілі, у аўто прабіта мінімум адно кола, на месца прыехалі польскія памежнікі і надзелі на кіроўцу кайданкі.

Таксама паведамляецца, што ў аўто з ім была жонка з трыма дзецьмі, яны перабеглі ў Беларусь.

Пасля спробы прарыву рух з Польшчы ў Беларусь на гэтым пераходзе быў спынены. З боку Беларусі часова перакрывалі рух, частку машын выпусцілі, астатнія стаяць.

Афіцыйных каментароў пакуль не было.

Nashaniva.com