Стварылі камісію для праверкі вынікаў цэнтралізаванага экзамену і абяцаюць памяняць сістэму
Міністр адукацыі Андрэй Іванец, які яшчэ ўчора ўсе сігналы аб парушэннях пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену па беларускай і рускай мовах называў фэйкамі, паведаміў пра сфармаванне міжведамаснай камісіі для праверкі карэктнасці апрацоўкі яго вынікаў.
30.05.2023 / 17:49
Андрэй Іванец
Паводле Іванца, камісія складаецца «з матэматыкаў, інфарматыкаў, спецыялістаў у галіне статыстычнай апрацоўкі вынікаў, нашых найлепшых навучальных устаноў не толькі вышэйшай адукацыі, але і Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, іншых спецыялістаў».
Усе гэтыя людзі мусяць «у самыя кароткія тэрміны» правесці комплексную праверку карэктнасці разлікаў, зробленых Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў.
У выпадку выяўлення памылак міністр абяцае прыняць «усе неабходныя меры па іх ліквідацыі».
Змена пазіцыі Андрэя Іванца непасрэдна звязаная з тым, што праблемай зацікавіўся Лукашэнка, абвінаваціўшы ва ўсім камп'ютары.
Цяпер, паводле міністра:
«У Міністэрстве адукацыі ёсць прапанова, каб цалкам адысці ад пераводу першасных балаў у тэставыя. Мы бачым магчымасць стварэння такой сістэмы, калі кожнае заданне будзе мець канкрэтную вагу да пачатку правядзення экзамену. І кожны выпускнік будзе разумець, што, рашыўшы канкрэтную задачу, ён можа атрымаць з 100 балаў 2, 5 ці 10 у залежнасці ад складанасці самой задачы».
І гэта нібыта «будзе абсалютна празрыстая сістэма, якая не будзе патрабаваць ніякіх тэхнічных інструментарыяў па перакладзе першаснага бала ў тэставы».
Чытайце таксама:
Мінадукацыі: Адзнакі на ЦЭ перагляду не падлягаюць. Апеляцыю падаць нельга
Пераразліку вынікаў ЦЭ не будзе, вынікі правільныя — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў