Пазбавілі ліцэнзій яшчэ чатырох адвакатаў

Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пазбавіла ліцэнзій чатырох адвакатаў, а яшчэ чатыром абвясціла аб няпоўнай адпаведнасці па выніках пазачарговай атэстацыі.

30.05.2023 / 19:35

Ліцэнзій пазбавілі Аляксандра Уласевіча і Святлану Якушаву з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама раней выключаных з Мінскай абласной калегіі адвакатаў Юрыя Козікава і Арцёма Сям'янава. Прычыны забарону на прафесію: «здзяйсненне імі правін, не сумяшчальных са званнем адваката». У практыцы лукашэнкаўскай Беларусі гэта амаль заўсёды азначае спробу абараніць абвінавачаных па палітычных артыкулах.

Са згаданых вышэй Юрый Козікаў, які абараняў Максіма Знака і экс-следчага Яўгена Юшкевіча. Ён, дарэчы, муж Ірыны Козікавай, сястры палітзняволенага Максіма Знака. Арцём Сям'янаў — адвакат Валянціна Стэфановіча, Таццяны Кузінай, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса. Абодва юрысты затрымліваліся ў сакавіку, калі ўлады зладзілі на адвакатаў сапраўдную аблаву, і адсядзелі суткі.

Адвакатам Гродзенскай абласной калегіі Святлане Басалай, Святлане Бірылавай, Вячаславу Сапрыку і Аксане Шупіцкай абвешчана аб няпоўнай адпаведнасці з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў пры ўмове праходжання павышэння кваліфікацыі. 

Чытайце таксама:

«Гэта настолькі несправядліва, што падобна да начнога кашмару»

«Гэта катастрофа». Колькасць адвакатаў зменшылася на чвэрць

Адваката выключылі з калегіі пасля арышту за лайк у сацсетках

Nashaniva.com