У палітвязня ў турме здарыліся інфаркт і інсульт, але яго ўсё адно адправілі ў калонію. Выйшла наяў чарговая гісторыя пра бесчалавечнасць сістэмы

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у лістападзе 2021 года ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязня Дзмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт. Але гэта не стала падставай для таго, каб суддзям і турэмшчыкам паставіцца да яго хоць бы крыху літасцівей. Былы сукамернік палітвязня з магілёўскай турмы і зняволены з калоніі, дзе адбывае тэрмін Дзмітрый, распавялі «Вясне» страшную гісторыю гэтага чалавека, якога дагэтуль працягваюць нішчыць за некалькі каментароў.

30.05.2023 / 22:03

Тры гады калоніі за каментары

Вясельнага фатографа з Мінска Дзмітрыя Сончыка затрымалі людзі ў цывільным на таніраваным бусе 28 чэрвеня 2021 года. Прычына — рэпост-каментары ў інтэрнэце. Дома ў яго правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку, якую пасля канфіскавалі. Пры затрыманні мужчыну надзелі кайданкі і накрылі іх кофтай, каб суседзі нічога не западозрылі. Да суда фатографа ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.

12 кастрычніка 2021 года суддзя Дзмітрый Карсюк з суда Цэнтральнага раёна Менска прызначыў Дзмітрыю тры гады калоніі. Паводле версіі абвінавачання, Дзмітрый Сончык абразіў і выказаў пагрозу жыццю чатырох чалавек у каментарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гадоў. Пацярпелыя — А. Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік Нясвіжскага РАУС А. Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясвіжскага РАУС Р. Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКа А. Алёкса. 

На судзе Сончык тлумачыў, што пісаў каментары праз эмоцыі, пасля прагляду відэа збіцця і затрыманняў, абураны неправамернымі дзеяннямі супрацоўнікаў. Але падкрэсліў, што не збіраўся ажыццяўляць пагрозы.

Да затрымання ў Дзмітрыя не было праблем са здароўем. Але ў зняволенні ён перахварэў на COVID. Да разгляду апеляцыі з СІЗА-1 Дзмітрыя Сончыка этапавалі ў магілёўскую турму. Там, паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго збілі, патрабуючы на камеру прабачэнняў і прызнання віны.

Праз два тыдні пасля таго, як Дзмітрыя прывезлі ў турму № 4, у мужчыны здарыўся інфаркт, а яшчэ праз два тыдні — інсульт.

«Яго фактычна паралізавала»

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў распавёў «Вясне», што знаходзіўся з Дзмітрыем у камеры магілёўскай турмы 14 лістапада 2021 года, калі ў яго здарыўся інфаркт.

«Я быў з ім у камеры, калі яму стала кепска і яго забралі ў бальніцу. Яму стала дрэнна ноччу. Пакуль мы дагрукаліся да супрацоўнікаў, прайшло некалькі гадзін. Яго адразу забралі ў медчастку турмы, а раніцай адвезлі ў магілёўскую гарадскую бальніцу.

У бальніцы ён прабыў дзесьці месяц. Потым у камеру, з якой яго забралі лекары, прыйшлі супрацоўнікі турмы і запыталі, хто з ім сядзеў і хто яго ведае. Я адказаў, што я з ім знаёмы. У Дзмітрыя былі праблемы з памяццю, таму шукалі знаёмых, каб працэс рэабілітацыі праходзіў хутчэй. Мяне і яшчэ некалькі чалавек перавялі ў невялікую камеру, дзе быў Дзмітрый.

Там мы яго даглядалі, бо ён быў у вельмі цяжкім стане. Мы нават памперсы яму мянялі, бо ён амаль што хадзіць не мог. Трэба было ў душы яго падтрымаць, напрыклад, каб ён памыўся. У той момант у яго былі праблемы з маўленнем і яго фактычна паралізавала. У камеры я прабыў з ім месяц».

У турме ў Дзмітрыя Сончыка адняліся левыя рука і нага, а таксама парушылася мова. За паўтара месяца ён вельмі моцна схуднеў — прыблізна на 60 кілаграм. Яму прысвоілі інваліднасць другой групы, але суд усё адно пакінуў прысуд без зменаў.

Былы палітвязень Валянцін Лабачоў адзначае, што праблемы са здароўем у ягонага былога сукамерніка абвастрыліся пасля збіцця сілавікамі.

«На маю думку, акрамя збіцця, на яго здароўе яшчэ моцна паўплывала тое, што ён вельмі хваляваўся і шмат паліў».

Валянцін Лабачоў нават у сваёй апеляцыйнай скарзе прасіў, каб суд улічыў тое, што ён даглядае зняволенага Дзмітрыя Сончыка. Але Магілёўскі абласны суд гэтага, як і трэба было чакаць, не ўлічыў. Разгляд скаргі Валянціна праходзіў у закрытым рэжыме.

«У яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і гаворкі»

З бальніцы Дзмітрыя Сончыка выпісалі 17 снежня 2021 года, а ў сярэдзіне студзеня 2022-га яго ўжо этапавалі праз Гомель у бабруйскую калонію № 2. Там з ім пазнаёміўся былы палітвязень Віталь Жук.

«З Дзмітрыем Сончыкам я пазнаёміўся ў санчастцы калоніі ў канцы лютага-пачатку сакавіка 2022 года. Там мы правялі 10 дзён. Я адразу заўважыў, што ў яго нейкія праблемы з мовай, але не адразу зразумеў, што здарылася.

Ён вельмі эмацыйна жэстыкуляваў, але было прыкметна, што ён забывае словы ў працэсе размовы. Напрыклад, ён хоча нешта сказаць, але не памятае, як гучыць слова, таму шукаў сінонімы. Ці, напрыклад, блытаў заканчэнні словаў, напрыклад, мог сказаць замест «дзень добры» — «дзень добрая».

Так я зразумеў, што ў яго ёсць пэўныя праблемы, але ў першы дзень знаёмства пра гэта мы не гаварылі. пасля я даведаўся і пра інфаркт, і пра інсульт, якія былі справакаваныя збіццём. Наколькі я зразумеў, усе спрабавалі спісаць на COVID-19. Але гэта трызненне, таму што чалавек быў раней абсалютна здаровым».

Дзмітрыя вызначылі ў атрад пенсіянераў, нягледзячы на тое, што ён не падыходзіць па ўзросце. Яму прызначылі пенсію па інваліднасці (другой працоўнай групы), але яна да яго не даходзіць з-за вылічванняў калоніі.

«Я потым яшчэ сустракаўся з Дзмітрыем — у яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і гаворкі. Ён трохі кульгае і робіць міжвольныя руху рукамі. Але Дзмітрый малайчына. Ён вельмі моцны чалавек унутры!» — кажа былы палітвязень Віталь Жук.

Чытайце таксама:

Былыя сядзельцы «Віцьбы» расказалі пра Знака і Вінярскага. Усяго там 150 палітвязняў

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

«Досвед палітычна матываванага арышту дае самы важны ўрок: ты адзін, ніхто не прыйдзе і не выратуе». Сацыяльная менеджарка падзялілася развагамі

Nashaniva.com