«Больш за ўсё стамляецца, вядома, задняе месца, агнём гарыць!» Бабруйскі пенсіянер на мапедзе аб'ехаў усю Беларусь і даязджаў нават да Каўказа

Анатолю Бедараву — 70, ягонаму мапеду — 12. Мапед звычайны кітайскі, яго Анатоль Іванавіч купіў у бабруйскай краме. Але наездзіў на ім ужо 34 тысячы кіламетраў, з іх, мабыць, 30 тысяч — у далёкіх паездках з сябрамі. Пра незвычайна актыўнага пенсіянера напісаў «Вячэрні Бабруйск».

30.05.2023 / 22:48

Анатоль Бедараў і ягоны Viper Active

Мама Анатоля — з Краснаполля на Магілёўшчыне, бацька — з Расіі, з Алтая. А сам ён нарадзіўся ў Кранштаце. У 1963-м, калі бацьку перавялі служыць на Кольскі паўвостраў, Толік з братам год жылі ў Кіраўску ў цёткі, а калі школа з'явілася ў вайсковым гарадку — пераехалі да таты з мамай. А ў 1968-м пасля дэмабілізацыі бацькі сям'я пасялілася ў Бабруйску.

«У сталічных гарадах бацьку нельга было сяліцца, — удакладняе Анатоль Бедараў, — ды і «ўсе хацелі ехаць у Бабруйск».

Шлях ягонага мапеда да Бабруйска быў нашмат карацейшы. Viper Active з'явіўся на свет у Кітаі ў 2011-м, а ў 2013-м ужо апынуўся ў бабруйскай краме.

Мапед Viper Active ў параўнанні з машынай зусім невялікі. Затое адмахаў ого колькі!

У Анатоля двухколавыя сябры былі яшчэ з 1980—х — то «Карпаты», то «Рыга». Але самае далёкае, куды на іх ездзіў, — Мазыр. Потым — што само старылася, што скралі, і ў 90-х застаўся чалавек без транспарту.

«Да 60-ці ў мяне захварэлі ногі, а трэба маме дапамагаць, — расказвае суразмоўца. — Каб у аптэкі-крамы ездзіць, купіў мапед, прыкладна за 1000 даляраў. Спачатку думаў здаваць на катэгорыю А1 (у 80-я правы на мапед наогул былі не патрэбныя) і купіць «Ямаху». Але той матацыкл не нашмат больш магутны, і трэба было зноў медкамісію праходзіць. Падумаў: а яно мне трэба? І атрымаў катэгорыю АМ і ўзяў гэтага «Вайпера» — скутэрэту».

Анатоль Бедараў і Viper Active

Анатоль Бедараў, Viper Active і мотазараднік для мабільніка

Так яны і сустрэліся. І да 2019-га каталіся толькі па горадзе. А ў 2019-м у іх са скутэрэтай пачалося вельмі актыўнае жыццё.

Чэрвень 2019 года, Каўказ. Анатоль Бедараў на перавале Гарачы Ключ

«Мяне ў сацыяльных сетках знайшоў калега загінулага брата, Анатоль Цімафееў з горада Гразі Ліпецкай вобласці Расіі, — дзеліцца Бедараў. — Разгаварыліся, у яго максіскутар Honda 400, і ён запрасіў мяне паехаць на Каўказ на нашых колах. Я здзівіўся: хіба так можна? Але вельмі хацелася, рызыкнуў.

Узяў з сабой расходнікі, каністру, вялікія торбы сабраў. І за два дні, з начлегам у гасцініцы, даехаў да Ліпецка. Анатоль сустрэў, паглядзеў на мой мапед — думаў, разваліна будзе, а ўсё нармальна. І паехалі на Каўказ, да мора».

Чэрвень 2019 года. Анатоль Цімафееў і мапед Анатоля Бедарава на запраўцы пад Варонежам.

Ад Ліпецка да прыморскага пасёлка Лермантава на Каўказе таксама ехалі два дні. У мапеда абмежаванне хуткасці — 50 км/г, але ён можа і трохі больш, з горкі і па ветры — да 80-ці.

Але Анатоль Іванавіч кажа, што на такіх хуткасцях не ганяе. У дзень звычайна праязджалі 500-550 км, максімум было 757 км ад Ліпецка да станіцы Кушчоўская, дзе дамовіліся пераначаваць.

«Потым ужо даведаліся, што ў 90-я гэта была сталіца бандытызму. А калі а 5-й раніцы ад іх з'язджалі, на выездзе стаялі два паліцэйскія ў параднай форме і нам чэсць аддавалі. Напэўна, падумалі, што мы працяг нядаўняй праверкі.

Чэрвень 2019-га, Каўказ, Лермантава

«На Каўказе я нармальна жыў, — працягвае ён свой аповед, — на картку пенсія прыйшла, а цэны там такія ж. Напарнік праз тыдзень з'ехаў, а я 10 дзён там прабыў, таму ўжо адзін ехаў, па дарозе яшчэ да сваякоў у Растоў заязджаў. І мапед адчуваў сябе нармальна. Толькі калі па горных перавалах паездзілі, прыйшлося ланцуг падцягнуць. І па дарозе дадому зноў нічога, без рамонтаў».

Viper Active

«А больш за ўсё стамляецца, вядома, задняе месца, — смяецца Анатоль Бедараў. — Кіламетраў праз 60 ужо агнём гарыць! Трэба спыніцца, размяцца».

Дарэчы, на ўсю паездку з Бабруйска на Каўказ, па Каўказе і назад, па словах кіроўцы, у яго сышло 90 літраў, а гэта 4500 км.

Чэрвень 2019-га, Каўказ. Анатоль Бедараў ля Чорнага мора: даехаў!

У 2020-м Анатоль Бедараў пазнаёміўся з яшчэ адным мотатурыстам, хірургам з Ельска Гомельскай вобласці Салаўёвым, і зноў Анатолем! У таго мапед Motorland, і ён ужо ездзіў на Байкал.

«І мы адразу сабраліся на Алтай, — расказвае бабруйскі Анатоль. — Зрабілі зялёныя карты, здалі тэсты. Але нас не пусцілі, на мяжы развярнулі. І паехалі мы па Беларусі».

Чэрвень 2020-га, Дзвіна. Анатоль Салаўёў, мотатурыст з Ельска

Пачалі падарожжа сябры на поўначы краіны, адпачылі на Дзвіне, потым паехалі на Браслаўскія азёры.

Чэрвень 2020-га, Анатоль Бедараў на Браслаўскіх азёрах

«У Браслаў толькі заехалі, — успамінае Анатоль Бедараў, — такая залева пачалася, проста патоп па калена, немагчыма ехаць. Спыніліся ў першай-лепшай гасцініцы, «коней» плёнкай накрылі. Потым пераехалі на Нарач, там надвор'е абяцалі лепшае, не падманулі. Шкада, не ведалі тады, што можна яхту зняць — пакаталіся б яшчэ і на яхце».

З Нарачы вярнуліся дадому — і неўзабаве сустрэліся на трасе пад Жыткавічамі і пагналі на возера Белае. А потым, у тое ж лета, яшчэ і на Пціч сабраліся, ужо ўтрох, з сябрам Бедарава, Валянцінам Сцяпурам.

«Ён на сваім мапедзе, Alfa, — кажа Анатоль Іванавіч. — Валянцін 80-гадовы быў здаравейшы за нас 70-гадовых, але праз год кавід яго зламаў…»

«Так, у 20-м годзе вельмі шмат паездзілі і начавалі ў асноўным у намётах», — дадае суразмоўца.

Ліпень 2020-га, Пціч. Валянцін Сцяпура і Анатоль Салаўёў на прывале

Ліпень 2020-га, захад сонца над Белым возерам

І ўсе гэтыя паездкі, кажа Анатоль Бедараў, мапед не ламаўся. У Салаўёва ўсяго толькі прабівала колы, а ў бабруйчаніна нават такіх паломак не было.

«Я ўжо наездзіў на ім 34 тысячы км, з іх, мабыць, 30 тысяч — у далёкіх паездках, — кажа пра свой мапед Анатоль Іванавіч. — Мяняў толькі аліваздымныя каўпачкі, тры-чатыры ланцугі і зорачкі. Вельмі просты ён у абслугоўванні. Тысячы праз дзве-тры — мяняць ланцуг, праз тысячу — аліву, з сабой бутэльку важу пастаянна. А фільтр мяняць не трэба — не забіваецца.

 Viper Active 

Viper Active і яго 34 тысячы

«Я калі яшчэ ў першай паездцы растоўскім сваякам расказаў, дзе пабываў, яны сказалі: «Ну ты, Фёдар Конюхаў!» А я ў адказ: «Вядома! Ён таксама з Бабруйска», — усміхаецца Бедараў. — Так, з 2019 года, як застаўся адзін, пастаянна і катаюся. Толькі з перапынкамі на свой кавід. У чэрвені Толю Салаўёву будзе 70, заедзе да мяне — вырашым, куды далей ехаць».

Чытайце таксама:

«Такіх эмоцый, што «ваў!» — іх шмат!» Падарожнік з Салігорска расказаў, як праехаў на скутары ўсю Лацінскую Амерыку

«Нават цяжка згадаць, дзе ўся паездка па краіне была такой суцэльна добразычлівай». Беларус здолеў павандраваць па Сірыі і поўны ўражанняў

Двое з палаткай на даху аўто. Беларуская сям'я цэлы месяц з камфортам жыла ў Нарвегіі на дварэ

Nashaniva.com