Алейнік ляціць да прэзідэнта, які кіруе краінай ужо 44 гады

2-3 чэрвеня міністр замежных спраў Сяргей Алейнік будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам у Экватарыяльнай Гвінеі.

01.06.2023 / 13:40

У рамках запланаваных працоўных мерапрыемстваў чакаюцца перамовы з прэзідэнтам Тэадора Абіангам Нгемай Мбасога, міністрам замежных спраў, міжнароднага супрацоўніцтва і дыяспары Сімяонам Айона Эсона Ангуэ, прадстаўнікамі шэрагу міністэрстваў і дзелавых колаў.

«У ходзе візіту будуць абмеркаваны практычныя крокі па актывізацыі двухбаковых сувязей, развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і паляпшэнні каардынацыі ўзаемадзеяння паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. Плануецца падпісанне шэрагу дакументаў», — паведамляе МЗС.

У Экватарыяльнай Гвінеі ёсць багатыя нафтавыя радовішчы, яны і замежныя інвестыцыі дапамаглі зрабіць краіну адной з самых багатых і стабільных дзяржаў Афрыкі. Пачынаючы з 1990-х гадоў дзяржава стала буйным экспарцёрам нафты, за кошт чаго яго ВУП на душу насельніцтва падняўся на першую пазіцыю ў кантынентальнай Афрыцы. Па індэксе чалавечага развіцця знаходзіцца на 145-м месцы ў свеце).

Тэадору Абіангу Нгему Мбасогу 5 чэрвеня споўніцца 81 год. Ён быў кадравым вайскоўцам, камандуючым Нацыянальнай гвардыяй. У жніўні 1979 года ажыццявіў ваенны пераварот, ажыццёўлены 400 наймітамі з Марока, і зрынуў пажыццёвага прэзідэнта краіны, свайго роднага дзядзьку — Франсіска Масіяса Нгему. Потым дзядзьку прысудзілі да смяротнага пакарання і ў той жа дзень расстралялі.

Тэадор Абіанга Нгема Мбасога кіруе краінай амаль 44 гады. Са студзеня 1986 года адначасова займае таксама пасаду міністра абароны краіны. На выбарах 1996 года ён быў адзіным кандыдатам і за яго прагаласавалі 97,85% чалавек. На наступных прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў 2002 годзе, ён быў зноў пераабраны, набраўшы 97,1% галасоў.

У 2003 годзе дзяржаўнае радыё абвясціла, што Тэадора Абіанг Нгема «падобны да Бога на нябёсах» і знаходзіцца «ў пастаянным кантакце з Усемагутным», прычым прэзідэнт валодае « ўсёй уладай над людзьмі і рэчамі».

Тэадор Абіанг Нгема Мбасога часта прызначаў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады сваіх сваякоў. Тэадор Нгема Абіанг Мангу —сын прэзідэнта ад першага шлюбу, у розны час працаваў міністрам лесу, рыбнай гаспадаркі і навакольнага асяроддзя (2001-2003), міністрам інфраструктуры і лесу (2003-2004), а з 2004 года ўзначальвае Міністэрства сельскай гаспадаркі і лесу. Габрыэль Мбега Абіанг Ліма — сын прэзідэнта ад другога шлюбу, з'яўляўся дзяржаўным сакратаром па здабыўной прамысловасці і вуглевадародах (2001-2004), затым быў прызначаны намеснікам міністра горназдабыўнай прамысловасці, прамысловасці і энергетыкі. Антоніа Мба Нгема — малодшы брат прэзідэнта, працаваў генеральным дырэктарам паліцыі. І такіх сваякоў яшчэ з дзясятак.

Nashaniva.com