У Мінску з'явіліся першыя кавуны. Дзе танней: на рынку ці ў краме? І як правільна выбраць
Беларусы кавуны любяць, але купляюць іх толькі летам. Бо сезон. Tochka.by расказвае, пачым цяпер ягада і як яе трэба правільна выбіраць.
02.06.2023 / 09:37
Фота: Tochka.by
Нягледзячы на тое, што лета наступіла, многія ўсё адно адчуваюць брак вітамінаў, неабходных для добрага самаадчування. Атрымаць карысныя рэчывы можна не толькі з агуркоў і памідораў, якія добра патаннелі і даступныя ўсім катэгорыям насельніцтва, але таксама з садавіны і ягад.
Выдатным варыянтам для барацьбы з авітамінозам стане кавун. Ягада гэтая вельмі карысная.
Кавун нармалізуе страваванне, зніжае каларыйнасць рацыёну, памяншае рызыку захворвання на хваробы сэрца, паляпшае абмен рэчываў і стан скуры, добра ўплывае на печань і ныркі.
Фота: Tochka.by
У Беларусі сезон кавуноў яшчэ не стартаваў, але скора пачнецца. Зразумела, што мясцовую паласатую ягаду вы наўрад ці сустрэнеце на рынку і ў крамах, а вось з Расіі яе прывязуць дакладна. А што цяпер?
Колькі каштуе кілаграм кавуна
На Заходнім рынку ў Мінску кавуноў на прылаўках шмат. Праўда, уся прадукцыя прывезеная пакуль толькі з адной краіны — Ірана. Цэны розныя, у сярэднім ад 4 да 5,50 рубля за кіло.
«Цана залежыць ад якасці тавару. Калі пастаўка добрая — будзе даражэй, калі горшая — танней», — расказвае прадавец.
Але пакуль не сезон. Кажуць, калі пойдуць астраханскія і стаўрапольскія кавуны, тады і выбару будзе больш:
«І цана будзе значна ніжэйшая тады. Пакуль кавуны даражэйшыя, таму што і попыт на іх не такі, як у спякоту будзе».
Фота: Tochka.by
Зрэшты, неабавязкова купляць цэлы кавун: могуць прадаць і чвэрць.
«Я гаспадыня пункта, зраблю вам зніжку добрую. Кавун сакавіты, салодкі, духмяны», — кажа жанчына ля прылаўка.
Усе прадаўцы чакаюць пачатку кавуновага сезона — тады і гандаль будзе ісці лепш, а пакуль «робяць касу» іншымі сезоннымі таварамі.
У крамах танней
У некаторых крамах бахчавыя каштуюць на здзіўленне танней, чым на рынках. Ці то лагістыка, ці то цэнавае рэгуляванне, ці то закупкі аптовыя.
Да прыкладу, у гандлёвай сетцы «Санта» кіло кавуна прадаюць па 3,59 рубля за кіло. Прывезлі з Італіі.
Фота: Tochka.by
Праўда, сам кавун па памеры будзе меншым, чым на рынку. І ацаніць водар немагчыма. Бо купляць ягаду трэба цэлай.
У сетцы Green можна купіць маленькія кавуны, але цана на іх кусаецца — 7,99 рубля за кіло, ёсць і міні-кавун з жоўтай мякаццю — па 6,99 рубля за кіло. А вось паходжанне невядома — на цэнніку проста напісана, што імпарт.
Фота: Tochka.by
Ёсць ягада і на дастаўцы. Самая папулярная ў краіне «Е-дастаўка» прапануе кіло іранскага кавуна па 4,49 рубля.
Як выбіраць кавуны
Вось знешнія прыкметы ідэальнага кавуна:
- падсохлы хвосцік
- яркі ўзор
- вялікая жоўтая пляма.
А найлепшы спосаб — даверыцца досведу прадаўца. Перад ужываннем кавун трэба астудзіць.
А калі будуць дыні?
Дыні паспяваюць у жніўні і верасні, таму цяпер ні на рынках, ні ў крамах іх амаль няма.
У Беларусь будуць везці дыні з Ірана, Узбекістана, Таджыкістана і Расіі.
Большасць дынь у Расіі вырошчваюцца ў Краснадарскім краі, Астраханскай і Растоўскай абласцях.
Чытайце таксама: