Зяленскі заявіў, што ўкраінская армія гатовая да контрнаступу, а Кіеў разлічвае ўступіць у НАТА пасля вайны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што армія Украіны гатовая да контрнаступлення. Але не стаў называць дату яго пачатку.

03.06.2023 / 11:53

Фота: прэс-служба Зяленскага

У інтэрв'ю амерыканскаму выданню Wall Street Journal Зяленскі адзначыў, што яны хацелі б яшчэ атрымаць дапамогу ад саюзнікаў.

Ён верыць у поспех украінскай арміі, але папярэдзіў, што празмерных чаканняў у сувязі з надыходзячымі аперацыямі быць не павінна, сама Украіна можа панесці ў ходзе контрнаступу значныя страты.

Зяленскі адзначыў таксама, што разумее, што ў час вайны Украіна не можа ўступіць у NATO, але для іх важна пачуць, што Украіна зможа ўступіць у Альянс пасля вайны.

— Некаторыя краіны NATO так баяцца Расію, што не гатовыя бачыць Украіну ў блоку. Калі нас не бачаць і не дадуць нейкі сігнал у Вільні [на саміце NATO ў ліпені], я мяркую, што Украіне няма чаго рабіць на гэтым саміце, — сказаў Зяленскі.

— Колькі жыццяў каштуе адна фраза на віленскім саміце: «Украіна будзе ў NATO пасля гэтай вайны»? — выказаўся ён.

Nashaniva.com