Больш за дзве тысячы дзяцей з акупаванага Данбаса адпачылі ў лагерах Мінскай вобласці

Дзеці з Данбаса адпачываюць у Беларусі з захаваннем усіх законных працэдур, са згоды бацькоў або апекуноў, заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.

04.06.2023 / 09:33

Фота: Фонд Аляксея Талая

«Рэжым апякунства і ўзгаднення з бацькамі права на пераезд дзяцей у Беларусь выконваўся ў поўнай меры. Нават у гэтым выпадку ўсе дакументы без якіх-небудзь выключэнняў былі ў парадку. Аднаму з кіраўнікоў дзіцячай установы Міністэрства адукацыі «ЛНР» рыхтавала даверанасць на права пераезду 30 дзяцей-сірот у Беларусь з гарантаваным вяртаннем», — цытуе словы Мезенцава БелТА.

Мезенцаў удакладніў, што, згодна з рашэннем кіроўных органаў Саюзнай дзяржавы, больш за дзве тысячы дзяцей з непрызнаных «ДНР» і «ЛНР» адпачылі ў аздараўленчых лагерах у Мінскай вобласці.

«Гэтыя дзеці перажывалі ў апошнія гады не лепшы час: напружанне, трывога, адсутнасць магчымасці пайсці ў школу ў той ці іншы дзень. Яны прыехалі да сяброў, аднагодкаў у Беларусь, паглядзелі на прыгожую рэспубліку, наведалі дактароў, каму трэба было, павесяліліся, паразмаўлялі. І высветлілася, што ў іх адны і тыя ж інтарэсы, вельмі блізкія погляды на жыццё», — адзначыў дзяржсакратар.

Раней Дзмітрый Мезенцаў паведаміў, што восенню мінулага года структуры Саюзнай дзяржавы перадалі два аўтобусы для перавозкі вучняў школы алімпійскага рэзерву ў Данецку і спартыўнага каледжа ў Луганску. Акрамя таго, непрызнаным рэспублікам аддалі інтэрактыўныя сістэмы навучання, лінгафонныя класы і камп'ютары, ваду, прадукты, спартыўнае адзенне і інвентар. Паводле яго слоў, у гэтым годзе плануецца даставіць у «ЛНР» больш за 250 камп'ютараў, а ў цэлым структуры Саюзнай дзяржавы і надалей будуць перадаваць гуманітарную дапамогу «рэспублікам Данбаса».

Чытайце таксама:

У Кіеве пацвердзілі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прызнала Лукашэнку датычным да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей

Некалькі краін ЕС пагадзілася звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд з прычыны дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Nashaniva.com