У СМІ трапіў падобны да сапраўднага кантракт, які даказвае продаж Расіі боепрыпасаў з боку Ірана
Брытанскія СМІ атрымалі доступ да магчымага кантракта на пастаўку зброі, які можа быць першым важкім доказам таго, што Іран прадаваў боепрыпасы Расіі для яе вайны ва Украіне.
05.06.2023 / 11:19
Як піша «Еўрапейская праўда», з дакументам азнаёміўся брытанскі канал Sky News.
Калі гэты 16-старонкавы дакумент, датаваны 14 верасня 2022 года, аўтэнтычны, то ў ім гаворыцца пра ўзоры артылерыйскіх і танкавых снарадаў і ракет рознага памеру на агульную суму крыху больш за 1 млн даляраў.
Старонка кантракта, апублікаваная Sky News
Крыніца перадала тэлеканалу дакумент разам з пяццю старонкамі нібыта звязанага кантракта, які ўключае ў сябе ствалы для танка Т-72 і ствалы для гаўбіцы, а таксама снарады да яе. Гэтая здзелка каштавала каля 740 000 даляраў ЗША.
«Гэта кантракт паміж іранцамі і расіянамі па боепрыпасах… Мы лічым, што ён на 100% аўтэнтычны», — сцвярджае крыніца ў органах бяспекі Брытаніі.
Sky News паказаў дакументы прэм'еру Украіны Дзянісу Шмыгалю падчас яго візіту ў Вялікабрытанію ў маі, а таксама міністру замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймсу Клеверлі.
Кіеў і Лондан заявілі, што плануюць расследаваць праўдзівасць матэрыялу і будуць прымаць меры, калі будзе ўстаноўлена, што ён заслугоўвае даверу.
«Мы падазравалі, што адбываецца нешта падобнае. Як толькі мы праверым гэта належным чынам, мы зможам дзейнічаць адпаведна», — сказаў амбасадар Украіны ў Брытаніі Вадзім Прыстайка.
«Калі нам будзе перададзена інфармацыя, мы будзем спрабаваць ацаніць яе і пацвердзіць. І, вядома, мы будзем прымаць рашэнні на аснове гэтага», — адзначыў у сваю чаргу кіраўнік МЗС Брытаніі Джэймс Клеверлі.
Прыстайка таксама заявіў, што кантракт, калі ён сапраўдны, ёсць доказам таго, што ў Расіі заканчваюцца вайсковыя запасы.
«Тое, што яны кажуць пра такія простыя рэчы, як узбраенне, як боепрыпасы, сведчыць пра тое, што расійская пазіцыя сапраўды даволі складаная», — адзначыў ён.