Мінабароны Беларусі выдзеліла рэкордныя 3,1 млн рублёў на закупы беспілотнікаў «Суперкам». Такія ж мадэлі Расея выкарыстоўвала ва Украіне

Міністэрства абароны Беларусі вырашыла закупіць расейскія тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы. Тэндар коштам 3,1 млн рублёў БРЦ знайшоў на партале дзяржзакупаў.

05.06.2023 / 16:29

Крыніца: supercam.aero

Гаворка ідзе аб двух комплексах «Суперкам С350» (ці аналагах) і аб адным комплексе «Суперкам С150» (ці аналагу). У камплект уваходзяць сам беспілотнік, кіраваныя відэакамеры, батарэі, сродкі дыстанцыйнага кіравання, планшэт і іншыя прылады.

Беспілотнікі «Суперкам» распрацоўвае расейская кампанія «Беспілотныя сістэмы». Суперкам С350 адзін з флагманскіх прадуктаў.

Комплекс выкарыстоўваюць для відэаманіторынгу. Максімальная працягласць палёту гэтага БПЛА — 4,5 гадзіны. Пры гэтым ён можа перадаваць інфармацыю на адлегласці да 100 кіламетраў.

На сайце вытворцы пазначана, што комплекс можна выкарыстоўваць для «назірання і разведкі», а таксама для абароны дзяржаўных межаў.

Суперкам С150 мае больш сціплыя характарыстыкі. Максімальны час палёту — 2 гадзіны, а максімальная адлегласць для перадачы інфармацыі — 25 кіламетраў.

Такія беспілотнікі Расея як мінімум двойчы — у лістападзе і ў студзені — выкарыстоўвала для разведкі на тэрыторыі Украіны.

Гэта ўжо трэці — і самы дарагі — падобны тэндар ведамства з пачатку вайны. У траўні мінулага года Мінабароны выдаткавала больш за 1,8 млн рублёў на пакупку некалькіх дзясяткаў беспілотнікаў DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed, а ў чэрвені мінулага года — 2 млн рублёў на комплексы «Суперкам-350» або аналагі.

Да гэтага ваеннае ведамства закупляла беспілотныя сістэмы толькі аднойчы — у 2021 годзе, пішуць расследавальнікі.

Чытайце таксама: 

Украіна стварыла ў Расіі сетку агентаў і перадае ім дроны кантрабандаю — СМІ 

МНС дадуць амаль мільён на лодкі і дроны

Гомельская МНС выставіла на продаж пажарную рэтрамашыну Mercedes. Колькі каштуе 50-гадовая спецтэхніка?

Nashaniva.com