Вучань у Ганцавіцкім раёне на школьнай лінейцы страціў прытомнасць, упаў, зламаў сківіцы і выбіў зубы

13-гадовы школьнік з Ганцавіцкага раёна зламаў сківіцы і пазбавіўся некалькіх зубоў на школьнай лінейцы. Няшчасны выпадак адбыўся ў ганцавіцкай школе 25 мая на лінейцы, прысвечанай канцу школьнага года, піша «Ганцавіцкі час».

05.06.2023 / 18:13

Ілюстрацыйны здымак. Фота: gancevichi.edu.by

Як стала вядома «ГЧ», лінейка ў школе пачалася прыкладна ў 9 гадзін раніцы. Не прайшло і паўгадзіны, як хлопчык, які стаяў у другім радзе, упаў тварам уніз і стукнуўся аб бетон. 

Наступствамі сталі пераламаныя сківіцы і выдаленне чатырох зубоў.

Хуткая дапамога даставіла школьніка ў Ганцавіцкую ЦРБ. Але за 9 дзён школьнік пабываў у бальніцах трох гарадоў — Ганцавічаў, Баранавічаў і Брэста. 

З Ганцавіцкай ЦРБ яго адвезлі ў медустанову ў горад Баранавічы. Але траўма аказалася відавочна вельмі сур'ёзнай. Хлопчыка накіравалі ў аддзяленне сківічна-тварнай хірургіі ў Брэст. 

У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы хлопчыку зрабілі аперацыю, паставілі імпланты. 

Выпісалі падлетка 2 чэрвеня 2023 года пад назіранне ганцавіцкіх стаматолагаў. 

Nashaniva.com