Кіраўнік «Укргідраэнерга» апісаў два сцэнары развіцця падзей на Кахоўскай ГЭС

Каментуючы наступствы разбурэння Кахоўскай ГЭС, гендырэктар «Укргідраэнерга» Ігар Сірата апісаў два сцэнары наступстваў у залежнасці ад пашкоджанняў плаціны, піша BBC.

06.06.2023 / 17:04

Асноўны сцэнар: за наступныя 3-4 дні Кахоўскае вадасховішча будзе спрацаванае да нуля, то-бок вада выцеча цалкам і стане відаць дно. Гэта можна вызначыць па хуткасці знікнення вады. Яна выцякае з хуткасцю 15-20 сантыметраў у гадзіну, але можа і паскорыцца.

Другі магчымы варыянт, які апісаў Сірата, такі: калі ніжняя частка плаціны цэлая, то ў вадасховішчы застанецца каля трох метраў вады.

Пры гэтым і ўкраінскія, і расійскія эксперты заявілі, што абмяленне вадасховішча можа прывесці да экалагічнай катастрофы.

«Самае страшнае, калі пры поўным спуску вадасховішча агаляюцца таксічныя адклады, якія будуць пыліць. Вось гэта сапраўдная хімічная бомба», — заявіў «РИА Новости» эколаг, дацэнт МДУ Аляксей Мядзведкаў.

Ён растлумачыў, што на дне вадасховішча назапашаныя забруджвальнікі, якія на працягу амаль 70 гадоў паступалі са сцёкамі. Гэта могуць быць цяжкія металы, нафтапрадукты, пестыцыды, радыенукліды і іншыя рэчывы.

Чытайце таксама:

Што неабходна ведаць пра Кахоўскую ГЭС і да чаго можа прывесці яе падрыў

«Ні вадой, ні ракетамі не спыніць Украіны». Зяленскі пракаментаваў падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС 

Першы спадарожнікавы здымак знішчанай Кахоўскай ГЭС

Nashaniva.com