«КДБ — карны орган з ланцугом злачынстваў». Рада БНР пракаментавала ўнясенне ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў
«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэнні ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органа, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народа», — гаворыцца ў заяве Рады.
07.06.2023 / 14:25
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і Святлана Ціханоўская
Гэтае рашэнне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою ёсць КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць суверэнныя правы беларускага народа‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР, як паведамляе Рада.
«Рада БНР заяўляе, што аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995-1996 гг. і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзідэнтам А. Лукашэнкам, нелегітымны і не мае права прамаўляць ад імя народа Беларусі», — падкрэслівае Рада БНР.
***
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі — найстарэйшая беларуская палітычная і дзяржаўная інстытуцыя ў эміграцыі. Яе заснавалі ў лютым 1918 года ў Мінску. З 1920 года знаходзіцца ў эміграцыі.
У Раду цяпер уваходзяць 80 сяброў, якія прадстаўляюць беларускія арганізацыі з 15 краін: Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі. Кожныя два гады Рада БНР праводзіць сесіі, паміж якімі пастаянным дзейным органам застаецца Прэзідыум Рады. З 1997 года старшынёй Рады БНР застаецца Івонка Сурвіла.
Чытайце таксама: