Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне
Погляды некаторых прыхільнікаў лукашэнкаўскай улады могуць быць занадта радыкальнымі нават для сваіх.
07.06.2023 / 23:46
Ігар Марзалюк, Вольга Бондарава, Марат Маркаў. Фота: БелТА, «Гродзенская праўда», скрын АНТ
Пытанне, па якім у прыхільнікаў рэжыму не сышліся погляды, — падтрымка рускага свету. Пакуль адны прасоўваюць наратывы рускага свету і паўсюль бачаць «ушчамленне рускай мовы» і русафобію, іншыя гатовыя заступіцца і за беларускую мову, і часам нават за лацінку.
Тых, хто за рускі свет, іншы лагер называе «вамбатамі». Мянушка нарадзілася дзякуючы інтэрнэт-мему, імаверна, пра тое, што экскрэменты вамбата маюць квадратную форму.
Дакладныя прычыны выбару акурат гэтага азначэння для прыхільнікаў рускага свету назваць складана.
«Вамбаты» — гэта сінонім «каларадаў», як піша ў сваім канале праўладная мастачка Святлана Жыгімонт.
Хто ж да якога лагера належыць?
У групе падтрымкі рускага свету — праўладная мастачка Святлана Жыгімонт (яна напісала пастаральны партрэт Лукашэнкі пад дрэвам), прарасійская актывістка Вольга Бондарава і яе каманда. Іншыя персанажы — менш вядомыя.
Яны ўсур'ёз заклапочаныя, што на шыльдах у гарадах і музеях мала рускай мовы. «Мяккая паланізацыя» — такую пагрозу прыхільнікі рускага свету бачаць у лацінцы і беларускай мове, а таксама ў нацыянальных каштоўнасцях.
У іншым лагеры — гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк, кіраўнік АНТ Марат Маркаў (а таксама іншыя супрацоўнікі канала), Ілля Бегун (ён у 2020-м выдаваў сябе за прыхільніка перамен).
Некаторыя з лукашыстаў у гэты лагер запісваюць і прапагандыста Рыгора Азаронка.
«Я беларускую мову ніколі не мілаваў. Усё ж вырас у горадзе, асяроддзе было пагалоўна рускамоўнае, сям'я дык увогуле з усяго СССР, мясцовых няма нікога. Але вось апошні годзік-два прыходжу да думкі, што ёсць рэчы, якія трэба аберагаць, нават калі цяпер ты ў іх не бачыш патрэбы. Многія рэчы прыходзяць з узростам. І значна крыўдней, калі момант прапусціў і ўжо да моманту, калі ты паспееш пагрузіцца ў тую ж класіку мясцовай літаратуры або тыя ж тэатральныя пастаноўкі, гэтага не будзе. Страціць мову вельмі лёгка. Вярнуць жа немагчыма», — пісаў Бегун у сваім канале.
Пра Жыгімонт і Бондараву яны пішуць як пра людзей, якія толькі прыкрываюцца патрыятызмам, а папраўдзе шкодзяць дзяржаве.
«Іх «белорусская мойва», «Беларуси нужна тотальная денацификация», «плошка перамохи», «обрезанная версия подвига», «минздох», «нацистская блевотина», «профнепригодный министр», і ўсе іншыя «заслугі» перад айчынай павінны цалкам перакрэсліць усякую магчымасць звяртацца да дзяржавы са сваімі хацелкамі і даносамі, пакуль карма не будзе адноўленая», — пісала ў сваім тэлеграм-канале рэжысёрка АНТ Наталля Ждановіч.
Аматары рускага свету ў сваю чаргу заклікаюць байкатаваць АНТ.
У нейкі момант спрэчка нават выйшла за межы асабістых каналаў лукашыстаў — тэлеканал АНТ запосціў з'едлівы допіс пра «вамбатаў» у свой тэлеграм-канал.
У сваёй пазіцыі абодва лагеры падтрымліваюць Лукашэнку. Толькі адны лічаць нацыянальныя каштоўнасці пагрозай парадку, а іншыя — важным складнікам суверэнітэту, але хоць і ў сваёй інтэрпрэтацыі.
Чытайце таксама:
«Настолькі забранзавеў». Бондарава напісала ў пракуратуру на Марзалюка