МНС паказала наступствы выбуху на Светлагорскім ЦКК

На кадрах, апублікаваных прэс-службай МНС, бачна, што адзін з будынкаў камбіната атрымаў пашкоджанні. Работнікі МНС разбіраюць завалы.

07.06.2023 / 19:41

У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя заявілі аб чатырох пацярпелых. У іх дыягнаставаны паверхневыя раны галавы і апёкі рук. Яны атрымалі дапамогу на месцы.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 302 КК РБ (Парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах або правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ).

Сёння днём выбух адбыўся на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

Як расказалі «Свабодзе» крыніцы, «выбух быў такі, нібыта бомба ўпала», яго было чуваць у суседняй з заводам вёсцы Якімава Слабада.

Старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік даў каментар пра здарэнне мясцоваму выданню.

Паводле яго, з 2 чэрвеня завод беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК знаходзіўся на афіцыйным перапынку. Пры правядзенні прафілактычных і рамонтных работ у цэху выпаркі шкіпінару пры прамыванні цеплаабменніка адбыўся выбух.

На прадпрыемстве працуе камісія для высвятлення прычын таго, што адбылося.

«Пагрозы для жыцця і здароўя насельніцтва няма», — сказаў чыноўнік.

У 2020 годзе на ЦКК у выніку выбуху на чане ракітавага алею загінуў чалавек — 40-гадовы зваршчык Аляксандр Русіновіч.

Nashaniva.com