Некаторыя сябры NATO могуць увесці войскі ва Украіну — былы генеральны сакратар
Група краін — сяброў NATO, магчыма, вырашыць скіраваць на дапамогу Украіне свае ўзброеныя сілы, калі іншыя ўдзельнікі альянсу не дадуць Кіеву дакладных гарантый бяспекі на ліпеньскім саміце ў Вільні, пра гэта заявіў былы генеральны сакратар арганізацыі Андэрс Расмусен.
08.06.2023 / 08:00
У пачатку гэтага тыдня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што прыме запрашэнне на ўдзел у ліпеньскім саміце краін NATO толькі пры пэўных умовах. Паводле яго слоў, гэты саміт будзе добрай пляцоўкай для таго, каб падпісаць там дакументы аб гарантыях бяспекі для Украіны. У адваротным выпадку, сказаў Зяленскі, ён не бачыць сэнсу ў такіх сустрэчах.
Са слоў Расмусена, выключна важна, каб Украіне былі дадзеныя пісьмовыя гарантыі бяспекі — пераважна яшчэ да саміту, магчыма, па-за рамкамі NATO. Гэтыя гарантыі павінны ахопліваць абмен разведвальнымі звесткамі, нарошчванне вытворчасці боепрыпасаў, аперацыйную сумяшчальнасць са стандартамі NATO і пастаўку ўзбраенняў у колькасцях, дастатковых для ўтрымання Расіі ад новых нападаў.
«Калі NATO не здолее дамовіцца аб выразным шляху для Украіны, існуе відавочная магчымасць, што некаторыя краіны распачнуць дзеянні ў індывідуальным парадку. Мы ведаем, што Польшча вельмі настроеная на аказанне канкрэтнай дапамогі Украіне. І я не магу выключыць магчымасці, што Польшча ў гэтым кантэксце ўцягнецца яшчэ мацней на нацыянальным узроўні, а за ёй пойдуць балтыйскія краіны — цалкам магчыма, уключаючы варыянт з адпраўкай войскаў на поле бою», — сказаў Андэрс Расмусен.
Як піша брытанская газета Guardian, Расмусен, які выступае ў якасці афіцыйнага дарадцы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага па пытаннях месца Украіны ў будучай архітэктуры еўрапейскай бяспекі, у гэтыя дні здзяйсняе турнэ па Еўропе і ЗША, каб ацаніць перапады настрояў сярод саюзнікаў напярэдадні крытычна важнага для Украіны саміту, які адкрыецца 11 ліпеня.
«Думаю, палякі гатовыя сур'ёзна разгледзець пытанне аб тым, каб узяць ініцыятыву ў свае рукі і сабраць «кааліцыю добрай волі», калі Украіна нічога не атрымае на саміце ў Вільні. Мы не павінны недаацэньваць польскіх настрояў: яны адчуваюць што Заходняя Еўропа занадта доўга адмаўлялася прыслухоўвацца да іх перасцярогаў наконт расійскага менталітэту», — сказаў Андэрс Расмусен.
Словы Расмусена прагучалі на фоне заяў яго пераемніка на пасадзе кіраўніка Паўночнаатлантычнага альянсу Енса Столтэнберга пра тое, што хоць пытанне гарантый бяспекі для Украіны будзе ўключанае ў парадак дня саміту, аднак згодна з 5-м артыкулам Вашынгтонскай дамовы NATO можа гарантаваць усялякую бяспеку толькі для сваіх паўнапраўных сяброў.
Раней Уладзімір Зяленскі прызнаў, што ва Украіны няма шанцу ўступіць у NATO, пакуль ідзе вайна. «Не таму, што не хочам, а таму, што гэта немагчыма, — сказаў ён. — Мы людзі адэкватныя і разумеем, што ніводную краіну NATO мы не будзем уцягваць у вайну».
Аднак Расмусен адхіліў гэты аргумент. З ягоных слоў, адмова ад выдачы Украіне дарогі ў NATO да заканчэння вайны будзе азначаць фактычна права вета для Пуціна.
На думку Расмусена, у выпадку, калі саміт NATO не прынясе вынікаў, Украіна мае законнае права звярнуцца да краін-удзельніц паасобку па вайсковую дапамогу.
«Пасля даволі павольнага разварушвання такога роду ідэі ўпэўнена набіраюць сілу», — сказаў на заканчэнне экс-кіраўнік NATO.