Ісландзец выкупіў долю Машэнскіх ва ўкраінскім праекце

Гаворка пра 50%-ю долю ў кампаніі «Экатэхнік вялікая Дабрань», якая займаецца вытворчасцю сонечнай энергіі. Як стала вядома Office Life, актыў перайшоў да новых уладальнікаў яшчэ ў пачатку гэтага года.

08.06.2023 / 12:06

Сонечная батарэя. Ілюстрацыйнае фота: Wikipedia

Долю ў 50% кампаніі, якая эксплуатуе дзве фотаэлектрычныя станцыі ў Закарпацкай і Валынскай абласцях (сукупная вызначаная магутнасць — 27,58 МВт), беларускі бізнэсмен Аляксандр Машэнскі набыў у 2020 годзе праз кіпрскую фірму Newride Services. Па выніках 2020-га яна ўвайшла ў топ-25 найбуйнейшых украінскіх бізнэсаў па выпрацаванай сонечнай энергіі.

Аднак ужо па выніках 2022 года праз санкцыі і ваенныя дзеянні кампанія панесла страты.

Яшчэ ў сярэдзіне 2022-га Машэнскі перадаў кантроль у Newride сваёй дачцэ Яне, якая пражывае ў Лондане. А тая ў пачатку 2023-га знайшла новага ўладальніка на актыў — брытанскую кампанію Max Credit Investment. Яе заснавальнікі — ісландскія інвестары на чале з Карлам Кандрасанам. Машэнскі вядзе буйны бізнэс з Ісландыяй, ён таксама яе ганаровы консул у Беларусі.

Чытайце таксама:

Ва Украіне суд скасаваў арышт рахункаў кампаніі, зарэгістраванай на дачку Машэнскага

Nashaniva.com