У мінскіх парках з'явіліся спецыяльныя «сталоўкі» для вавёрачак. Як гэта працуе?

Галоўны квэст — злавіць вавёрку.

08.06.2023 / 13:51

Мінчане, якія любяць прагуляцца па парках Мінска і пакарміць вавёрак, якіх там шмат, прапануюць цяпер купіць спецыяльны корм для гэтых звяркоў. Ён прадаецца ў аўтаматах, падобных на вертыкальны пенал з двума секцыямі, пішуць Мінск-Навіны.

Такіх апаратаў усяго два — у парку Горкага (каля атракцыёна «Дзіцячы міні-цягнік») і ў парку Чалюскінцаў (каля атракцыёна «Калабок»). Але гэта пакуль.

Фота: Мінск-навіны

— Гэта пробная партыя, каб ацаніць, наколькі такі фармат будзе цікавы жыхарам і гасцям сталіцы, — удакладніў начальнік упраўлення «Гарадскія паркі Мінскзелянбуда» Вячаслаў Лабачэўскі.

— Пакуль у продажы толькі арэхі. Порцыя каштуе 50 капеек.

Неблагое рашэнне праблемы, бо чуллівыя гараджане спрабуюць пачаставаць рудахвостых цукеркай або качкам булку пакрышыць. А для птушак і звяркоў гэта не самае правільнае і відавочна не самае бяспечнае харчаванне. Бо можна наклікаць на іх чалавечыя праблемы, такія як карыес ці захворванні ротавай паражніны.

Фота: Мінск-навіны

Журналісты пратэставалі аўтамат, які знаходзіцца ў парку Горкага. Візуальна гэта вертыкальны пенал з двума секцыямі, разлічаны ў перспектыве і на корм для птушак.

Жэтоны купляюцца у білетнай касе (там жа, дзе і квіткі на каруселі). Прадаюць адразу па два — хочаш купляй дзве порцыі корму для птушак, хочаш — адну для вавёрачак. З улікам, што пакуль ёсць толькі арэхі, — выбар відавочны. Порцыя вар'іруецца ад двух да шасці штук.

Побач з апаратам — інфармацыйны шчыт з пакрокавай інструкцыяй: куды ўставіць жэтон, дзе націснуць і што пракруціць, каб узяць ласунак.

А на самім апараце падрабязная інструкцыя, чым можна карміць чатырохногіх і крылатых насельнікаў парку, а чым — катэгарычна забаронена.

Цяпер галоўная задача — адшукаць вавёрачку. І ведаеце што? Місія, з цяжкасцю выканальная.

Па-першае, вавёркі не ідуць на кантакт, хоць звычайна гэтым не пакутуюць. А тут паўгадзіны бегалі за звярком, угаворваючы — ні ў якую. Прыйшлося пакінуць смачняшкі ў кармушцы на дрэве.

Фота: Мінск-навіны

А па-другое, вавёрак у парку стала прыкметна менш. Гэта адзначаюць нават яго супрацоўнікі. Куды зніклі?

Аказваецца, усё проста: сядзяць па гнёздах і глядзяць за сваімі дзіцянятамі.

— Ваверчаняты з'яўляюцца на свет сляпымі і без шэрсткі, і бацькі літаральна неадступна знаходзяцца побач — кормяць і абаграваюць, — удакладняюць у сталічным заапарку. — Цалкам верагодна, што як раз цяпер у звяркоў такі перыяд, яны занятыя надзённымі справамі і таму не мільгаюць на дарожках і палянах паркаў. Да канца месяца, хутчэй за ўсё, вавёркі зноў з'явяцца і нават выведуць у свет дзіцянятаў.

Таму апараты з прысмакамі прыйдуцца як нельга дарэчы.

Nashaniva.com