«Байпол» страціў доступ да свайго ютуб-канала і сацыяльных сетак — Азараў
Кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў запісаў відэа, з якога грамадскасць даведалася, што арганізацыя былых сілавікоў страціла доступ да свайго ютуб-канала і акаўнтаў у сацыяльных сетках. Вінаваты ў гэтым, паводле Азарава, былы супрацоўнік «Байпола» Мацвей Купрэйчык, які раней адмовіўся прайсці праверку на паліграфе.
08.06.2023 / 19:07
Паводле Азарава, нядаўна Мацвей Купрэйчык разам «з групай асоб» адмовіўся прайсці праверку на паліграфе. Пасля таго адносна іх узнікла падазрэнне, у выніку чаго «група асоб» была звольненая з «Байпола» на падставе «недаверу і падазрэнняў».
Але гэта было б паўбяды. Галоўнае, што «Мацвей звёў з сабой наш афіцыйны ютуб-канал і акаўнты ў сацыяльных сетках». Паводле Азарава, гэта «не проста подла і падазрона, але і не можа лічыцца ягонай уласнасцю па азначэнні».
Пасля гэтага Азараў пафасна тлумачыць важнасць «Байпола» і звяртаецца да грамадскасці з просьбай напісаць Мацвею Купрэйчыку і запатрабаваць ад яго ўсё знесенае вярнуць.
У заключнай частцы выступлення кіраўнік «Байпола» тлумачыць ужо самому Купрэйчыку, што арганізацыя — гэта «не ты і твае сябры», «Байпол — гэта частка 2020 года і частка нашага ДНК». Дапускаючы, што ягоны ўчынак быў вынікам толькі неабдуманасці, Азараў заклікае Мацвея вярнуць арганізацыі ўсе акаўнты. Маўляў, «заўсёды ёсць шанец папрасіць прабачэння і быць сумленным».
Пры гэтым Азараў у каментары каналу «Мая краіна Беларусь» адзначыў, што да чат-бота плана «Перамога» Мацвей Купрэйчык дачынення не меў:
«Гэты чалавек адміністраваў выключна медыяпраекты BYPOL, ніякага дачынення да плана «Перамога» і доступу да гэтай непублічнай часткі працы BYPOL ён не меў. Такім чынам, усе ўдзельнікі плана «Перамога» могуць спаць спакойна: гэты чалавек не быў дапушчаны да сур'ёзных спраў і звестак нашай арганізацыі».
Чытайце таксама:
Павел Латушка — пра адмову праходзіць паліграф і самы дарагі касцюм