«Аншлагу на канцэрце да Дня Расіі не было. Падтрымка Расіі беларусамі ніякая» — Мірсалімава

Адна з вядомых прарасійскіх актывістак і прапагандыстак «рускага свету» ў Беларусі Эльвіра Мірсалімава чакала ад учарашняга мерапрыемства ў Мінску, прысвечанага святкаванню Дня Расіі, куды большага, чым аказалася ў рэальнасці. І сваё расчараванне тым, што ўбачыла, не ўтрымалася і выліла ў сацсеткі.

10.06.2023 / 19:58

Канцэрт да Дня Расіі ў Мінску. Скрыншот з відэа

«Так, скажам шчыра — аншлагу на ўчарашнім канцэрце, прысвечаным Дню Расіі ў Мінску, не было», — прызнае Мірсалімава ў сваім тэлеграм-канале.

І робіць зусім смелую як на ідэйнага «рускамірца» выснову:

«Улічваючы, што больш за палову з гэтых людзей прыехала цэнтралізавана (па жаданні) з іншых гарадоў, можна смела канстатаваць, што, на жаль, падтрымка Расіі беларускімі грамадзянамі — ніякая. За расійскія сцяжкі не б'юць у беларускай сталіцы — ужо добра, ды і тое — ахоўная зона. А што там спее за ёй і ў галовах маладых беларусаў — Бог ведае. Што заўгодна, але дакладна не любоў да Расіі».

«Сістэмныя нацыяналісты» робяць сваю справу. Не спяшаючыся, сістэматычна, пад маскай «братэрсканароднага сяброўства» — паступова адрываюць на ментальным узроўні беларускіх грамадзян ад Расіі. А каб гэтыя працэсы моцна не кідаліся ў вочы, нам з трыумфам будуць паведамляць пра чарговую стопяццот падпісаную інтэграцыйную карту…», — падсумоўвае прарасійская актывістка. 

Апошняе выказванне варта разглядаць у кантэксце ўнутраных супярэчнасцяў у лагеры лукашыстаў, дзе ёсць як адкрытыя ненавіснікі абсалютна любых праяў беларускасці, накшталт Вольгі Бондаравай, Святланы Жыгімонт ці той жа Мірсалімавай, так і дзеячы накшталт Ігара Марзалюка, Марата Маркава ці Іллі Бігуна, якія, цалкам падтрымліваючы Лукашэнку і ягоны рэжым, усё ж не хочуць цалкам нішчыць нацыянальныя адметнасці накшталт беларускай мовы і культуры, імкнучыся хутчэй паставіць іх сабе на службу. Менавіта іх і мае Мірсалімава на ўвазе пад «сістэмнымі нацыяналістамі», з якімі вядзе змаганне.

У той жа час прызнанне з боку палымянай адэпткі «рускамірства», што ў надзвычай русіфікаванай у моўным плане і сурова «зачышчанай» трохгадовымі няспыннымі рэпрэсіямі Беларусі яна не адчувае масавай падтрымкі сваіх ідэй, не можа не цешыць.

Чытайце таксама:

 Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне

«Ці варта пэцкацца, папулярызуючы гэтую грамадзянку?» Частка прапагандыстаў пайшла вайной на Бондараву

«Настолькі забранзавеў». Бондарава напісала ў пракуратуру на Марзалюка

Nashaniva.com