Малдова мяняе пасла ў Беларусі
19.11.2009 / 14:05
Пасол Малдовы ў Беларусі Валерый Бабуцак разам з некаторымі іншымі пасламі краіны адкліканы з займанай пасады.
Такое рашэнне прыняў сёння ўрад Малдовы па прапанове міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Юрыя Лянкэ.
Адкліканы, у прыватнасці, паслы Малдовы ў Беларусі, у Азербайджане і па сумяшчальніцтве ў Грузіі, у Чэхіі, у Балгарыі, у Францыі і па сумяшчальніцтве ў Алжыры, а таксама пастаянны прадстаўнік Малдовы пры Радзе Еўропы.
Кіраўнік МЗС Малдовы адзначыў, што
мэтай адклікання паслоў з’яўляецца намер ўрада умацаваць дыпламатычны корпус, павысіць яго прафесіяналізм для таго, каб праводзіць больш актыўныя дзеянні ў галіне еўрапейскай інтэграцыі.
Адкліканыя паслы былі прызначаныя раней па палітычных крытэрыях, яны былі недастаткова ініцыятыўнымі ў прасоўванні палітыкі еўрапейскай інтэграцыі, недастаткова інфармавалі МЗС аб падзеях, якія адбываюцца. Захаванне іх у пасадах азначала б стагнацыю замежнай палітыкі Малдовы, растлумачыў Юрый Лянкэ.
Нагадаем, што Валеры Бабуцак быў прызначаны паслом Малдовы ў Беларусі ў красавіку 2009 года. Раней гэтую пасаду займаў Іван Філімонаў.