Арыштавалі былую першую міністарку Шатландыі. Калісьці яна была тварам барацьбы за незалежнасць

Брытанская паліцыя арыштавала былую першую міністарку ўрада Шатландыі Ніколу Стэрджэн у сувязі з расследаваннем фінансаў Шатландскай нацыянальнай партыі, якую яна ўзначальвала, піша Руская служба Бі-бі-сі.

11.06.2023 / 17:29

Нікола Стэрджэн. Фота: AP Photo / Markus Schreiber

Паліцыянты афіцыйна пацвердзілі, што 52-гадовая жанчына была ў нядзелю ўзятая пад арышт і адказвае на пытанні следчых. Брытанскія праваахоўныя органы звычайна не называюць імёнаў падазраваных, аднак гаворка ідзе менавіта пра былую лідарку ўрада Шатландыі.

Раней у рамках расследавання быў затрыманы і адпушчаны без прад'яўлення абвінавачванняў муж Стэрджэн Пітэр Мюрэл, які займаў пасаду выканаўчага дырэктара SNP з 1999 года.

У сакавіку ён падаў у адстаўку — гэтак жа, як і яго жонка.

Нікола Стэрджэн займала цэнтральнае становішча ў палітыцы Шатландыі і Вялікабрытаніі на працягу дзесяці гадоў. Яна даўжэй за ўсіх заставалася на пасадзе першага міністра Шатландыі і стала сінонімам руху за незалежнасць пасля прыходу да ўлады ў 2014 годзе.

Афіцыйнае расследаванне фінансавання SNP было пачата яшчэ ў ліпені 2021 года, калі ў паліцыю паступілі скаргі на незаконнае выкарыстанне ўнёскаў у казну партыі.

У першую чаргу пад пытанне ставілася расходаванне партыйных фондаў на новую кампанію па правядзенні рэферэндуму аб незалежнасці Шатландыі.

У агульнай складанасці было пададзена сем скаргаў, на падставе якіх пракуратура і прыняла рашэнне аб расследаванні.

Пракурораў, якія вось ужо паўтара года вядуць расследаванне, больш за ўсё цікавіць пытанне аб тым, на што было выдаткавана звыш 600 тысяч фунтаў стэрлінгаў (больш за 680 тысяч еўра), сабраных на правядзенне новага рэферэндуму аб незалежнасці, які ў выніку так і не адбыўся.

У фінансавых справаздачах партыі было пазначана, што ў перыяд з 2017 па 2020 год былі сабраныя гэтыя самыя 600 з лішнім тысяч, якія партыя абяцала выдаткаваць на кампанію па здабыцці незалежнасці.

Аднак да канца 2019 года партыйная каса зрасходавалася, і ў ёй заставалася толькі крыху больш за 270 тысяч фунтаў, так што Мюрэл вымушаны быў пазычыць партыі 100 тысяч фунтаў, каб дапамагчы ёй з рухам грашовых сродкаў.

А ў 2021 годзе ён зрабіў яшчэ адно ўліванне прыкладна на такую ж суму, прычым у тым жа годзе прыкладна палову з гэтых грошай партыя яму вярнула.

Тады прэс-сакратар SNP тлумачыў, што гэтая пазыка была «асабістым укладам выканаўчага дырэктара з мэтай дапамагчы з рухам грашовых сродкаў пасля выбараў», і што ўсё гэта было занесена ў бухгалтарскія справаздачы за 2021 год.

Аднак казначэй партыі Дуглас Чапман заявіў, што не атрымліваў ніякіх інструкцый з нагоды гэтых транзакцый і падаў у адстаўку.

Нікола Стэрджэн, тады яшчэ першая міністарка, пераконвала, што фінансавыя пытанні яе «не хвалююць», і што кожны пенс, сабраны падчас краўдфандынгу праз інтэрнэт, будзе выдаткаваны на здабыццё незалежнасці.

Пазней, пакідаючы сваю пасаду, яна назвала куча прычын, па якіх прыняла рашэнне аб адстаўцы, аднак расследаванне партыйных фінансаў у спісе гэтых прычын не фігуравала.

Не выключана, што яна пралічыла свой сыход, каб потым не патрапіць у зусім ужо няёмкую сітуацыю, калі мужа першага міністра і кіраўніка партыі садзяць пад арышт па падазрэнні ў фінансавых махінацыях.

Nashaniva.com