У Вільні абмяркоўваюць, як прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці ў межах міжнароднага правасуддзя

Святлана Ціханоўская 12 чэрвеня выступіла ў Вільні на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя», паведаміла прэс-служба Офіса Ціханоўскай. 

12.06.2023 / 12:54

Святлана Ціханоўская выступіла ў Вільні на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя»

«Гэтая канферэнцыя — яшчэ адзін крок у аднаўленні правасуддзя ў Беларусі, — сказала Святлана Ціханоўская. — Для аднаўлення справядлівасці нам неабходна не толькі вызваліць усіх палітычных зняволеных і правесці свабодныя і сумленныя выбары, але і прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто ўчыніў злачынствы».

Ціханоўская зазначыла, што рэжым Лукашэнкі мае доўгі спіс злачынстваў з 1994 года: злоўжыванне ўладай, фальсіфікацыя выбараў, злачынствы супраць чалавечнасці, пазасудовыя расправы над палітычнымі апанентамі.

«Мы ведаем пра гэтыя злачынствы, але ў нас няма механізмаў, якія дазваляюць прыцягнуць рэжым да адказнасці. Спадзяюся, эксперты, якія сабраліся тут, дапамогуць нам знайсці рашэнні», — сказала яна.

Ціханоўская дадала, што ўжо цяпер мы павінны вывучыць існуючыя механізмы прыцягнення дыктатара і яго памагатых да адказнасці. Іх некалькі: універсальная юрысдыкцыя, спецыяльныя трыбуналы і спецыяльныя рэгіянальныя трыбуналы, Міжнародны суд і Міжнародны крымінальны суд.

Але пры гэтым вялікага прагрэсу, паводле Ціханоўскай, пакуль няма.

«Рэжым бачыць, што існуючыя механізмы не працуюць. Гэта дае яму адчуванне беспакаранасці, і рэжым толькі ўзмацняе рэпрэсіі», — сказала яна.

«Мы павінны выпрацаваць дакладную стратэгію», — заклікала Святлана Ціханоўская. 

Міжнародная канферэнцыя «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя» была арганізавана Міністэрствам юстыцыі Літоўскай Рэспублікі сумесна з Law and Democracy Centre.

Nashaniva.com