Доктар Камароўскі выказаў здагадкі, колькі засталося Пуціну і Лукашэнку і ад чаго яны могуць памерці 

Усё часцей у медыйнай прасторы з'яўляецца інфармацыя аб вельмі сур'ёзных хваробах Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Доктар Яўген Камароўскі не раіць занадта спадзявацца на іх хуткі біялагічны канец. Пра гэта Камароўскі распавёў «24 Каналу».

12.06.2023 / 14:07

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы, 9 чэрвеня 2023 года. Фота: kremlin.ru

Камароўскі зазначае, што сучасная медыцына дазволіць Пуціну «піць кроў» украінцаў яшчэ некалькі гадоў.

«Пуціну можа ўкараціць жыццё яго асяроддзе, таму што ён ужо ўсіх дастаў. І гэта можа адбыцца хутчэй, чым яго забʼюць нейкія ракавыя клеткі або тромб. Усяму свету, хутчэй за ўсё, скажуць, што гэта тромб. Але прыбяруць яго, хутчэй за ўсё, свае», — выказаў меркаванне доктар.

«Гэтак жа лепшымі дасягненнямі сучаснай медыцыны можа карыстацца і беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка. Аднак медыцына не ўсёмагутная. Мяркуючы па вонкавым выглядзе Лукашэнкі, ён, магчыма, схільны да сасудзістай катастрофы. Гэта вострыя хваробы кшталту тромба, інсульту, інфаркту», — мяркуе Камароўскі.

Менавіта такія хваробы, паводле вядомага доктара, могуць «дагнаць» Лукашэнку.

У той жа час Пуцін шмат гадоў не ўжывае алкаголю, не курыць, займаецца спортам і атачыў сябе на ўзроўні фанатызму самымі крутымі лекарамі.

«Менавіта таму ёсць меншая імавернасць, што ў Пуціна могуць быць такія захворванні, як у Лукашэнкі», — адзначыў доктар.

Нагадаем, што на парадзе 9 мая ў Маскве Лукашэнка выглядаў вельмі стомленым і знясіленым. Таксама ў яго была перабінтаваная рука, як звычайна пасля ўстаноўкі катэтара.

Афіцыйная версія — Лукашэнка хварэў на адэнавірус. У канцы мая ён сам пракаментаваў сваё самаадчуванне, заявіўшы, што «не збіраецца паміраць».

Чытайце таксама:

Як паміраў венесуэльскі сябар Лукашэнкі Уга Чавес

«Калі не маеш двайніка і прыходзіцца асабіста ўдзельнічаць ва ўсім гэтым». Як інтэрнэт адрэагаваў на стан здароўя Лукашэнкі

«Не крыўдзіце яго проста без прычыны». Нявестка Лукашэнкі прысвяціла яму новую песню

Навошта Пуціну хірург-анколаг? Выйшла расследаванне пра здароўе прэзідэнта Расіі

Бункерны дзед. Выйшла расследаванне пра падземныя сховішчы Пуціна

Nashaniva.com