Актывіст Ілья Міронаў расказаў, навошта пісаў скаргі на Азаронка і як ставіцца да падазрэнняў у свой бок
Днямі валанцёр з Гомеля, які вядомы тым, што напісаў больш за 2000 лістоў палітвязням, з'ехаў у Літву. Ілью Міронава некалькі разоў кідалі за краты. «Мая маці сказала мне быць сумленным, вельмі за мяне перажывала, я і з'ехаў». Ён расказаў «Нашай Ніве» пра абставіны ад'езду і планы ў эміграцыі.
13.06.2023 / 13:45
Ілью Міронава раней судзілі па крымінальнай справе — за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра. Яго абвінавацілі па артыкуле 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і далі паўтара года пазбаўлення волі, а таксама 200 базавых велічынь штрафу.
Пасля вызвалення актывіста неаднойчы адпраўлялі на суткі.
З'ехаў Ілья з Беларусі з прычын небяспекі.
«Некаторыя людзі казалі, што ў нейкі момант мне проста падкінуць наркотыкі ці наедуць мясцовыя гопнікі. Не адчуваю сябе дома ў бяспецы ў сувязі з ростам маёй вядомасці. З набыццём статусу «экстрэміста» (9 лютага 2023-га) я не магу займацца культурнай дзейнасцю, адна справа — маніторынг судоў, напісанне заяў, зваротаў, іншая — праца ў сферы культуры.
Ніякіх пытанняў на мяжы не ўзнікала, пашпартны кантроль на ўвесь аўтобус заняў прыкладна 25 хвілін. Віза ў мяне была зроблена яшчэ ў лютым. Тады зрабіў, каб была магчымасць у выпадку небяспекі хутка з'ехаць», — расказвае ён.
У Гомелі 41-гадовы Ілья Міронаў вядомы як арганізатар рок-канцэртаў. Гэтай справай мужчына займаўся больш за 20 гадоў.
«Вельмі люблю яшчэ рабіць стрымы з канцэртаў», — кажа ён.
З 2017-га па 2019-ы Ілья працаваў кантралёрам на складзе ў Маскве, пазней — некалькі месяцаў у Польшчы на аўтазаводзе.
«Да гэтага ў Беларусі быў проста іпэшнікам. Пасля падумаў, навошта траціць свае сілы і розум на гэта ўсё. Пастаянна са скрынямі, так можна і атупець. Вырашыў усё ж зноў пачаць займацца тым, што мне цікава», — расказвае ён пра сваю дзейнасць.
Сваёй сям'і ў Ільі няма. У Беларусі ў актывіста засталася 73-гадовая маці.
«Яна першая сказала, што мне трэба з'язджаць, вельмі перажывае за мяне. Ганаруся сваёй маці. Яна і яшчэ некалькі сябровак блізка да сэрца ўспрымаюць усё, што са мной адбываецца. Проста сказала мне: «Ілья, май сумленне». І я вырашыў ехаць», — кажа ён.
Ілья Міронаў вядомы тым, што пісаў скаргі на прапагандыстаў Андрэя Мукавозчыка і Рыгора Азаронка, лукашысцкі тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы». Але Міністэрства інфармацыі ніякіх парушэнняў у дзейнасці гэтых прапагандыстаў не пабачыла.
Актывіст не пагаджаецца з тым, што яго скаргі былі бессэнсоўнымі.
«Эфект на мае заявы ёсць. Яны адрэагавалі. Рана ці позна кожнаму, хто парушае закон, давядзецца адказваць. Усе іх адказы, дакументы захоўваюцца ў надзейных архівах. Яны спатрэбяцца, калі гэтых людзей будуць судзіць. Звычайна, калі мянялася ўлада, заўсёды спальвалі архівы. Таму трэба рабіць копіі.
У нас, у Гомелі, нават былі выпадкі, калі ў міліцыі адмаўляліся выдаваць пратакол, каб не былі вядомы прозвішчы супрацоўнікаў, таму трэба абавязкова дамагацца таго, каб ведаць, хто чыніць гэтыя рэпрэсіі, збіраць дакументы», — тлумачыць ён.
Ілья апісвае ўмовы ўтрымання ў гомельскім ІЧУ:
«Двух'ярусныя нары ў невялікім пакоі. У двухмеснай камеры было пяць чалавек. Нехта спаў на падлозе, на вузкай лаўцы.
Міліцыя, ахоўнікі проста выконваюць сваю працу. Ніякай агрэсіі ад іх не было».
У Вільні мужчыну прытуліла арганізацыя «Дапамога». Цяпер у Ільі ёсць часовае месца жыхарства.
«Байсол» дапамог, калі я выйшаў на свабоду, яны размясцілі збор. Сабралі для мяне пэўную суму. Таксама адгукнулася Рада культуры, прапанаваў ім свае паслугі па арганізацыі канцэртаў», — кажа ён.
Як Ілья ставіцца да крытыкі ў свай адрас? Некаторыя лічаць, што актывіст завербаваны спецслужбамі.
«Чым больш часу я заставаўся на волі пасля выхаду з СІЗА, тым больш стала распаўсюджвацца такіх плётак. Не звяртаю ўвагі на гэта.
Для большасці проста чытатаць навіны — гэта ўжо подзвіг. Яны, мабыць, думаюць, што вось я хаджу на суды, пішу скаргі, сяджу на сутках ды яшчэ неяк весялюся, на канцэрты хаджу — штосьці з ім не так, агент. Гэтыя людзі проста трошкі зянонаўцы», — кажа ён.
Ілья побач з «Замкам», у якім часова жыве
У Вільні Ілля хацеў бы стварыць буйны музычны сайт на беларускай мове.
«Каб у кожнага музыкі там быў свой акаўнт і ён мог самастойна мяняць інфармацыю, напрыклад, афішы. Патрэбна будзе мне знайсці айцішніка, але думаю, тут іх вельмі шмат.
Яшчэ я напісаў кнігу «Гісторыя музыкі Гомельскай вобласці». Працаваў над ёй з 2011-га, атрымалася 600 старонак. Яна, праўда, на рускай мове. Хачу перакласці на беларускую, цяпер шмат выдавецтваў у выгнанні, думаю, што гэта таксама праблемай не будзе. Таксама хачу стварыць невялікую газету навін з афішамі для беларусаў. Напрыклад, чалавек засяляецца ў хостэл, а там на першым паверсе такі мінігайд па беларускіх культурных мерапрыемствах у эміграцыі. Будзе неяк лягчэй уліцца ў беларускую тусоўку.
Думаю, што тут зарэгіструюся іпэшнікам. Хацеў бы развівацца ў блогерстве, расказваць пра музыку і культуру, але ў нейкай буйной арганізацыі», — дзеліцца ён планамі.
Чытайце таксама:
Ілля Міронаў паскардзіўся на варварскі разгром кватэры
Ілля Міронаў: Мяне затрымалі за тое, што я пішу скаргі
Спявачка Мэрыем Герасіменка і валанцёр Ілья Міронаў трапілі ў спіс экстрэмістаў