У Крывым Розе ракета трапіла ў шматпавярховік, ёсць загінулыя

Ідзе 475-ты дзень поўнамаштабнай вайны. Украіна чарговы раз была абстраляная ракетамі.

13.06.2023 / 06:27

Ракета ў Крывым Розе трапіла ў шматпавярховік. Фота з тэлеграм-канала Сяргея Лысака.

Ноччу 13 чэрвеня ў Крывым Розе расейцы патрапілі ў 5-павярховы дом, ёсць загінулыя і пацярпелыя.

«Працуюць усе экстранныя службы, заканчваецца тушэнне пажараў. Хуткая аказвае дапамогу, ёсць пацярпелыя ў вельмі цяжкім стане, верагодна ёсць людзі пад заваламі», — напісаў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Аляксандр Вілкул.

Таксама ўначы расейцы атакавалі Кіеў крылатымі ракетамі Х-101/555, СПА знішчыла ўсе варожыя мэты, паведаміў начальнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.

Папярэдне, для нападу на Кіеў праціўнік ужыў крылатыя ракеты Х-101/555, традыцыйна выпушчаныя стратэгічнымі бамбардзіроўшчыкамі Ту-95МС з раёна Каспійскага мора

Папко адзначыў, што ўсе варожыя сілы ў паветранай прасторы вакол Кіева былі выяўленыя і паспяхова знішчаныя сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны, піша «Украінская праўда».

Інфармацыя аб ахвярах або разбурэннях пакуль не паступала.

Абстраляны «Шахедамі» быў таксама Харкаў.

Nashaniva.com