Аб'яднаны пераходны кабінет абвясціў вынікі сустрэчы Ціханоўскай з «Байпол»

«Байполаў» стане два, усе «байполаўцы» пройдуць незалежны паліграф, уводзіцца мараторый на ўзаемныя абвінавачванні і публічную крытыку і не толькі гэта. 

13.06.2023 / 08:54

АПК абвясціў вынікі сустрэчы з лідаркай дэмакратычнай Беларусі Святланай Ціханоўскай. 

1. Адбываецца рэарганізацыя працы «Байпол». Аб’яднанне сілавікоў Беларусі (куды ўваходзяць Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар і іншыя) аддзяляецца ад фонду «Байпол». У бліжэйшы час яны вызначацца з назвай, формай юрыдычнай асобы і кірункамі працы.

2. У адказнасці Станіслава Лупаносава і Аляксандра Азарава застаецца план «Перамога». План «Перамога», піша АПК, «знаходзяцца ў поўнай бяспецы, працягваецца праца па яго напаўненні і падрыхтоўцы».

3. Каналы медыя «Байпол» дзеляцца наступным чынам: Telegram, Instagram, Youtube застаюцца за Аб’яднаннем сілавікоў Беларусі; Facebook, TikTok і сайт — за «Байпол» пад кіраўніцтвам Аляксандра Азарава.

4. Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся на праходжанне паліграфа у незалежнага эксперта ў бліжэйшыя два месяцы.

5. У «Байпол» у найбліжэйшы час будзе праведзены фінансавы аўдыт незалежнай кампаніяй, якую ўхваляць абодва бакі. Арганізацыя выплаціць пазыкі па зарплатах.

6. Уводзіцца мараторый на ўзаемныя абвінавачванні і публічную крытыку, а таксама любыя дзеянні, якія прычыняюць шкоду другому боку і «Байпол» як супольнасці. Бакі павінны імкнуцца да паразумення і суіснавання.

Nashaniva.com