Сітуацыя з затрыманымі журналістамі ў Светлагорску: мужчын пакаралі суткамі, жанчын — штрафамі

Сталі вядомыя падрабязнасці затрыманняў і судоў над супрацоўнікамі светлагорскага тэлеканала «Ранак».

13.06.2023 / 09:22

Фота: «Вясна»

У пятніцу затрымалі дзевяць супрацоўнікаў «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама».

Сярод іх Андрэй Ліпскі — журналіст, Павел Рабко — аператар, Вадзім Вежнавец — галоўны рэдактар медыякампаніі, Уладзімір Папоў — аператар, Марына Бычкоўская — маркетолаг, Алена Кісялёва — галоўная бухгалтарка, Крысціна Казялькова — сакратарка, Ганна Згурская (цяжарная жанчына, на якую склалі пратакол і адпусцілі, суда над ёй пакуль не было), Елізавета Шавяленка (яе таксама адпусцілі пасля складання пратакола, бо яна мае інваліднасць, суда таксама пакуль не было).

Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасля працоўнага дня. Адну з жанчын затрымалі нават у іншым горадзе.

На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, Бычкоўскай, Кісялёвай і Казяльковай — штраф памерам 25 базавых велічынь (925 рублёў), піша «Гомельская вясна».

Nashaniva.com