Памёр пісьменнік Кормак Мак-Карці
Ва ўзросце 89 гадоў памёр амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Кормак Мак-Карці, паведамляе Deadline са спасылкай на сына пісьменніка Джона Мак-Карці.
13.06.2023 / 23:40
Як піша The Guardian са спасылкай на выдавецтва, з якім працаваў Мак-Карці, пісьменнік памёр у сваім доме «з натуральных прычын».
Пісьменнік быў вядомы перш за ўсё сваімі раманамі «Дарога», «Крывавы мерыдыян» і «Старым тут не месца» (апошні быў экранізаваны ў 2007 братамі Коэн). Фільм атрымаў чатыры прэміі «Оскар», у тым ліку ў намінацыі «Найлепшы фільм».
Раман Кормака Мак-Карці «Крывавы мерыдыян», выдадзены ў 1985 годзе, унесены ў спіс «100 найлепшых кніг на англійскай мове, выдадзеных у перыяд з 1923 па 2005 год» па версіі часопіса Time. А ў 2006 годзе The New York Times змясціла гэты раман на другое месца ў спісе найлепшых амерыканскіх раманаў, апублікаваных за апошнія 25 гадоў.
Кормак Мак-Карці атрымаў Пулітцэраўскую прэмію і прэмію Джэймса Тэйта Блэка за раман «Дарога». Ягоныя кнігі былі выдадзеныя ў 48 краінах свету.
Па інфармацыі Deadline, Мак-Карці быў закрытым чалавекам і вельмі рэдка даваў інтэрв'ю.
Летась «Дарога» Кормака Мак-Карці была выдадзена выдавецтвам «Янушкевіч» па-беларуску, яе можна набыць праз платформу Allegro.
Чытайце таксама:
Памёр былы прэм’ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі
У ЗША памёр матэматык, асуджаны на пажыццёвы тэрмін за тэрарызм