Пол Мак-Картні запісаў «апошнюю песню Бітлз». Прычым зрабіў гэта з дапамогай штучнага інтэлекту

Як патлумачыў музыка, тэхналогія выкарыстоўвалася для «здабывання» голаса Джона Ленана (шляхам яго ізаляцыі ад астатняга гукашэрага) са старога дэмазапісу, пасля чаго яму ўдалося завяршыць стварэнне песні.

14.06.2023 / 07:26

Пол Мак-Картні. Фота: Scott Garfitt/Invision/AP

Сэр Пол Мак-Картні расказаў, што яму ўдалося з дапамогай штучнага інтэлекту стварыць «апошнюю песню Бітлз».

Як патлумачыў музыка ў інтэрв'ю радыёпраграме Бі-бі-сі Today, тэхналогія выкарыстоўвалася для «здабывання» голасу Джона Ленана (шляхам яго ізаляцыі ад астатняга гукашэрага) са старога дэмазапісу, пасля чаго яму ўдалося завяршыць стварэнне песні.

«Мы толькі што скончылі яе, яна будзе выпушчаная ў гэтым годзе», — дадаў Мак-Картні.

Ён не сказаў, што гэта за песня, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра кампазіцыю Ленана 1978 года пад назвай Now And Then («Тады і цяпер»).

Яна ўжо была прэтэндэнтам на «песню ўз'яднання» чацвёркі ў 1995 годзе, калі «бітлы» перазвялі песні для зборніка Anthology («Анталогія»), які ахоплівае ўсю іх кар'еру.

Мак-Картні атрымаў дэмазапіс ад удавы Ленана Ёка Она за год да таго, як ён, Харысан і Рынга Стар пачалі працаваць над «Анталогіяй».

Гэта была адна з некалькіх песень на касеце з надпісам «Для Пола» (For Paul), якую Ленан запісаў незадоўга да сваёй гібелі ў 1980 годзе.

Гэтыя песні-накіды былі ў асноўным запісаныя на «бумбокс» (вялікі касетнік), калі Ленан музіцыраваў на піяніна ў сваёй нью-ёркскай кватэры.

Пасля запісаныя з дапамогай прадзюсара Джэфа Ліна дзве з гэтых песень — Free As a Bird («Свабодны, як птушка») і Real Love («Сапраўднае каханне») — былі выпушчаныя ў 1995 і 1996 гадах і сталі першым «новым» матэрыялам «Бітлз» за 25 гадоў.

Гурт таксама паспрабаваў запісаць і Now And Then, песню пра каханне, якая была даволі тыповай для больш позняй кар'еры Ленана, але з гэтага тады нічога не выйшла.

Як успамінае Лін, гурт патраціў на песню некалькі гадзін, але музыкі хутка зразумелі, што матэрыялу недастаткова.

«У песні быў прыпеў, але ў ёй мала было ў сэнсе куплетаў. Мы запісалі акампанемент, грубы накід, які так і не скончылі».

Пазней Пол Мак-Картні сказаў, што Джордж Харысан тады назваў якасць запісу вакалу Джона паршывай і адмовіўся працаваць над песняй.

«У яе была не вельмі ўдалая назва, яе трэба было трохі перапрацаваць, але ў яе быў прыгожы куплет, і яго спяваў Джон», — сказаў ён часопісу Q.

«[Але] Джорджу яна не спадабалася. «Бітлз» былі дэмакратыяй, і мы кінулі яе».

Казалі таксама, што з арыгінальным запісам былі тэхнічныя праблемы: на ім быў чутны пастаянны шум ад электрапрыбораў у кватэры Ленана.

У 2009 годзе на пірацкім дыску выпусцілі новую версію гэтага дэмазапісу без фонавага шуму. Прыхільнікі выказалі здагадку, што гэты запіс не знайшлі ў 1995 годзе — і ён, магчыма, быў скрадзены з кватэры Ленана разам з іншымі асабістымі рэчамі пасля яго гібелі.

У апошнія некалькі гадоў Пол Мак-Картні не раз казаў пра сваё жаданне скончыць песню.

«Я ўсё яшчэ думаю пра гэта, — сказаў ён у дакументальным фільме BBC пра Джэфа Ліна ў 2012 годзе. — Так што я збіраюся праціснуцца на месца Джэфа і зрабіць гэта. Скончыць яе калі-небудзь».

Старая касета

Падобна, цяпер тэхналагічны прагрэс даў музыку магчымасць гэта зрабіць.

Паваротным момантам стаў дакументальны фільм Пітэра Джэксана Get Back, у якім спецыяліст па мантажы дыялогаў Эміль дэ ла Рэй навучаў камп'ютары распазнаваць галасы ўдзельнікаў «Бітлз» і аддзяляць іх ад фонавых шумоў і інструментаў для стварэння чыстага гуку.

Той жа самы працэс дазволіў сэру Полу «праспяваць дуэтам» з Ленанам у яго нядаўнім турнэ, а таксама дапамог стварэнню новых міксаў з аб'ёмным гучаннем для альбома Revolver гурта «Бітлз», які павінен быў быць перазапісаны ў мінулым годзе.

«Ён [Джэксан] змог атрымаць ізаляваны голас Джона з плёнкі на старой касеце», — сказаў Маккартні ў інтэрв'ю Бі-бі-сі.

«У нас быў голас Джона і піяніна, і ён змог падзяліць іх з дапамогай штучнага інтэлекту. Яны кажуць камп'ютару: «Гэта голас, гэта гітара. Прыбяры гітару».

«Таму, калі мы вырашылі стварыць тое, што стане «апошняй песняй Бітлз», мы ўзялі дэмазапіс, які быў у Джона, змаглі аддзяліць голас і зрабіць яго чыстым з дапамогай ШІ. І цяпер мы можам звесці запіс, як гэта звычайна робіцца. Гэта дае некаторую свабоду дзеянняў».

Аднак музыка прызнаўся, што іншыя прымяненні штучнага інтэлекту выклікаюць у яго непакой.

Чытайце таксама:

Гурт Rammstein аказаўся на мяжы распаду

Экс-музыка «Сяброў» расказаў, што выразаныя ім абразы сталі міратачыць

Культавы хіт гурта Queen «Багемская рапсодыя» першапачаткова называўся інакш. Пра гэта сведчаць чарнавікі Фрэдзі Мэрк'юры

Nashaniva.com