Хата, хлеў і шмат зямлі — ад 37 рублёў. Шукаем варыянты пад дачу ў Рэестры пустых дамоў
Адзіны рэестр пустых дамоў увесь час папаўняецца новымі варыянтамі хат ад 37 рублёў. Realt знайшоў некалькі дамоў на адлегласці да 200 км ад Мінска, якія патэнцыйна могуць яшчэ паслужыць у якасці дачы.
14.06.2023 / 09:28
Субачы, Вілейскі раён, 94 км ад МКАД
Зусім невялікая вёска ў Вілейскім раёне — адна вуліца, два дзясяткі дамоў. Колькі з іх жылых — невядома, але два дакладна ў Рэестры пустыя. Да Вілейскага вадасховішча — 23 км, затое побач рака Сэрвач.
Першая хата знаходзіцца па адрасе Прамая, 12. Агульная плошча 30 кв. м, да яе ў прыдачу склеп, хлеў і 20 сотак зямлі. Пра стан нерухомасці па адным фота меркаваць цяжка, прадаецца яна без аўкцыёну, за 1800 рублёў.
У іншым канцы вёсцы (вуліца Прамая, 11) ёсць яшчэ адна хата. Яна большая па памерах — 72 кв. м, і «пасагу» цэлы спіс: склеп, адрыны, падстрэшкі, студня і 25 сотак.
Усё гэта можна набыць без аўкцыёну за 2900 рублёў.
Чыгірынка, Кіраўскі раён, 192 км ад МКАД
Галоўныя славутасці ў гэтай вёсцы — Чыгірынскае вадасховішча, рака Друць і вялізныя грыбныя лясы. Дом знаходзіцца на вуліцы Друцкай, 72.
Хату на 45 кв. м і 20 сотак зямлі аддадуць за 37 рублёў без аўкцыёну. Можна зганяць на рыбалку, а заадно паглядзець, што з сябе ўяўляе гэта хатка.
Кашчэлічы, Валожынскі раён, 85 км ад МКАД
Вёска знаходзіцца побач з вялікім лесам за Валожынам. Дабірацца зручна — вялікая частка шляху па хуткаснай трасе.
Дом тут на 67,6 кв. м, год пабудовы — 1950. Знаходзіцца на Цэнтральнай вуліцы, нумар дома не пазначаны. Тут 2 адрыны, склеп, студня і 25 сотак. Яго выставілі на аўкцыён з пачатковым коштам 37 рублёў. Таргі назначылі на 22 чэрвеня.
Боцьвіны, Пастаўскі раён, 149 км ад МКАД
Вёска маланаселеная, лясная, тупіковая. Калі вы шукаеце максімальнай адзіноты, то вам сюды. Тут на вуліцы Лясной знойдзеце пустую хату з Рэестра. Хатка мініяцюрная, 23 кв. м, 1946 года пабудовы. У гаспадарцы — 20 сотак, 3 адрыны і студня.
Пра іх стан па фота казаць складана, але прадаецца гэта за 37 рублёў без аўкцыёну. Каб дарма не паліць бензін, можна для пачатку патэлефанаваць у Юнькаўскі сельсавет.
Станчыкі, Ляхавіцкі раён, 132 км ад МКАД
Невялікая вёска, забудова рэдкая. Дом знаходзіцца па адрасе вуліца Палявая, 15. Агульная плошча — 52 кв. м.
Да яго прыкладаецца адрына і велізарны ўчастак — 38 сотак зямлі. Прадаецца без аўкцыёну, за 37 рублёў.
Чытайце таксама:
У Новай Баравой з'явіліся незвычайныя арт-аб'екты. Іх стварылі знакамітыя архітэктар і скульптар
«У трэндах дачы». Эксперты расказалі, што адбываецца з продажам дамоў і што будзе далей
З лазняй і басейнам. За пяць хвілін ад Мінска прадаецца стылёвы дом з бруса