Чаму лукашысты так любяць публічныя прыніжэнні і як гэта змяняе нас

Учора ў БДТУ на вачах у вялікай аўдыторыі асудзілі двух студэнтаў. На мінулым тыдні гэтак жа прафілактычна судзілі баранавіцкую студэнтку, якая нібыта абразіла Лукашэнку. Псіхатэрапеўтка Наталля Скібская пракаментавала «Нашай Ніве», як такія паказальныя мерапрыемствы ўплываюць на асобу і што рабіць навакольным у такой сітуацыі.

15.06.2023 / 11:57

Суд над студэнтам БДТУ 14 чэрвеня 2023 года. Скрын відэа БТ

Такія суды разлічаныя на тое, каб паказаць асобе і грамадству, што яны безабаронныя. 

«Робіцца гэта праз публічнае прыніжэнне, прысутных робяць саўдзельнікамі гэтага злачынства, — тлумачыць Наталля. — Чалавек, над якім адбыўся паказальны суд, можа ў будучыні сам сябе «рэдагаваць», стрымліваць, напрыклад, у выказванні асабістага меркавання. Сам для сябе стане суддзёй. Праз гэты досвед і страх. Разам з такім страхам асоба замарожваецца». 

Псіхатэрапеўтка адзначае: псіхіка працуе так, што студэнты, якія прысутнічаюць на такім судзе, могуць ідэнтыфікаваць сябе з агрэсарам. Бо ідэнтыфікацыя з ахвярай — гэта безабаронная пазіцыя. 

«Напрыклад, ладзіць нейкі байкот, нібы такім чынам пераходзіць на моцны бок. Людзі навокал павінны разумець, што іх уцягваюць у гэту гульню наўмысна, і не рабіць так. 

Варта падтрымаць чалавека пасля, сказаць яму, што гэта сітуацыя непрыгожая, непрыемная, так быць не павінна. Гэта будзе лепш за ўсё, выказаць спачуванні гэтаму чалавеку, грамадства павінна на такое даваць фідбэк», — расказвае яна.

Суд над баранавіцкай студэнткай у ВНУ. Фота: Баранавіцкая міжраённая пракуратура

Удзел педагогаў у такіх паказальных судах — гэта амаральна, як лічыць Наталля Скібская. 

«Яны добра разумеюць, што робяць, бо праходзілі пры навучанні курс па псіхалогіі, — кажа яна. — Абіраюць механізм ідэнтыфікацыі з агрэсарам, каб не адчуваць сваё бяссілле, унутры гэта пазіцыя адчуваецца больш моцнай. Калі б яны мелі прыналежнасць да больш моцнага боку, то такую ідэнтыфікацыю не абралі б».

Чытайце таксама: 

«Дазволіў сабе ганьбіць БРСМ, віну прызнаю». Юрфак БДУ апублікаваў відэа са студэнтам на манер ГУБАЗіКа

«Ставіўся да таго, што адбываецца, як да шоу». Хлопец, асуджаны па «справе студэнтаў», распавёў, як вытрымаў зняволенне

Былыя палітвязні ствараюць уласную арганізацыю за мяжой

Агата Мурашка