«Прыгнёт з моцных нараджае волатаў». Ціханоўская ўручыла ў Варшаве ўзнагароды
Сёння ў Варшаве Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды родным і блізкім герояў, якія загінулі за свабоду Украіны, а таксама родным Рамана Бандарэнкі і Мікіты Крыўцова.
14.06.2023 / 14:30
Фота тут і далей: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Сёння я маю гонар уручыць ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета медалí «Гонар і годнасць» тым, хто выключным чынам праявіў сябе ў служэнні Беларусі.
Гэты медаль быў заснаваны ў лютым гэтага года на запыт беларускай грамадскасці. Беларусы адчулі, што ў часы небяспекі і адкрытага супрацьстаяння дабра і зла наш народ абавязаны ўшанаваць сваіх абаронцаў», — сказала Святлана Ціханоўская.
З лютага медалі ўручылі 32 чалавекам. На мінулым тыдні ў Вільні медалём «Гонар і годнасць» былі пасмяротна ўзнагароджаныя беларускія героі Міраслаў Лазоўскі, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Зміцер Рубашэўскі і Павел Суслаў.
«І яны, і тыя, каго мы ўзнагароджваем сёння, — гэта людзі, якія ў найцяжэйшы за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі час сваёй мужнасцю, сваёй бясконцай адданасцю Радзіме і сваёй самаахвярнасцю ўратавалі гонар і годнасць нашага народа. У Кастуся Каліноўскага ёсць такая цытата: «Прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых — магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.
Дык вось сёння мы ўшаноўваем сапраўдных волатаў, адданых барацьбе і незалежнай Беларусі. Для іх Беларусь была сапраўды перадусім. Рашуча стаўшы на бок дабра, яны на ўвесь свет заявілі: беларусы ёсць, заўжды будуць, і хутка настане дзень, калі яны будуць свабодныя», — сказала Святлана Ціханоўская.
Усяго ўручылі дзевяць медалёў, у тым ліку родным Рамана Бандарэнкі, Мікіты Крыўцова, астатнія прозвішчы пакуль не публічныя.
Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга
Брат Мікіты Крыўцова Павел