Асуджаны на два гады «хіміі» адвакат Мачалаў: «Не веру, што ёсць суддзі, якія не разумеюць, што яны робяць»

Адвакат Андрэй Мачалаў, які бараніў многіх беларусаў, абвінавачаных па «палітычных» артыкулах, сам стаў спачатку абвінавачаным па крымінальнай справе, затым асуджаным на два гады «хіміі», а пасля быў амніставаны і з'ехаў з Беларусі. У інтэрв'ю новаму медыя Plan B. Мачалаў расказаў, як збіраў рэчы на «хімію», як адчуваў сябе ў ролі кліента, а не адваката, і ці трэба прызнаваць віну, калі вас затрымліваюць па «палітычным» артыкуле.

14.06.2023 / 16:59

Андрэй Мачалаў. Фота: Віялета Саўчыц

«Хвала ўнутраным паперкам МУС»

— Андрэй, як ты? Як даўно ты з'ехаў з Беларусі і ў якой краіне цяпер знаходзішся?

— Я ў парадку. З'ехаў месяцы з тры таму, цяпер знаходжуся ў Германіі.

— Чаму там?

— Тут мне было прасцей за ўсё легалізавацца.

— У дачыненні да цябе ўжылі амністыю. Ты гэтага чакаў ці рыхтаваўся ехаць на «хімію»?

— Я разумеў, што траплю пад амністыю, бо фармальна ў мяне не палітычны артыкул, я проста выкарыстаў «падробленыя дакументы», як аказалася. Але я ўсё адно рыхтаваўся да «хіміі»: прадаў аўто, сабраўся, падрыхтаваўся да ўсяго.

Калі выпусцілі закон аб амністыі, я павінен быў ужо з'язджаць на «хімію», у мяне было тры дні. Але ў інспекцыі — і гэта той выпадак, калі я люблю ўнутраныя паперкі МУС — мне сказалі, што закон ужо прыняты і мяне не могуць адправіць у папраўчую ўстанову, паколькі яны самі павінны ўжываць амністыю.

Гэта значыць, парадак у іх такі: у чыім распараджэнні ты знаходзішся, той і прымяняе да цябе амністыю. Так што хвала унутраным паперкам МУС. Мне насамрэч вельмі пашанцавала, што я не паспеў заехаць на адбыццё пакарання, таму што адтуль амніставацца амаль нерэальна: там малююць два парушэнні і ты ўжо не можаш прэтэндаваць на амністыю.

— А ты ўжо ведаў, куды павінен ехаць і якой працай займацца?

— Так, мне тры разы давалі накіраванне, усё не ў Мінску, адно было ў Магілёў. Інспекцыя прымае рашэнне толькі куды адправіць, а працу табе выбірае сама «хімія». Так што я не ведаю, дасталася б мне чыстка кароўнікаў ці іншая няпростая праца.

— Справу на цябе завялі за тое, што ты без ліцэнзіі працягваў працаваць адвакатам. Ты ішоў на гэта наўмысна?

— Там была досыць дзіўная сітуацыя. У старым законе аб адвакатуры была двухступенная сістэма: была дысцыплінарная камісія, якая прымала рашэнне, ёсць склад правіны ў дзеяннях адваката ці не. Потым рада калегіі, калі камісія прымала рашэнне аб выключэнні, цябе выключае. То бок, гэта робіць не камісія.

Я быў на дысцыплінарнай камісіі, дзе мне агучылі рашэнне аб маім выключэнні. Звычайна ад гэтага моманту да рашэння рады праходзіць каля месяца, за які адвакаты завяршаюць справы, ходзяць апошні раз да кліентаў у СІЗА і калонію. У маім выпадку рада адбылася не праз месяц, а праз два дні. Але пра сваё рашэнне яна забылася мне паведаміць. Таму я працягваў працаваць адвакатам, чакаючы паведамлення ад рады.

У судзе супрацоўніца рады казала, што захварэла на кавід, таму не адправіла мне ні смс, ні e-mail, ні заказны ліст, а «проста па дарозе дадому зайшла і кінула вам ліст у паштовую скрыню». На маё пытанне, як часта яны такое практыкуюць, адказ быў «ніколі».

Зразумела, што суд сказаў, што гэта жалезабетонныя доказы і няма падстаў не верыць. Гэта значыць, людзі гатовыя былі пасадзіць мяне на «хімію» на два гады замест таго, каб сказаць: прабачце, гэта проста касяк, мы зрабілі дурасць. Ім бы за гэта нічога не было, нават вымовы на працы. Мне ніколі не зразумець матывы гэтых людзей.

— Ты не думаеш, што гэта была спланаваная акцыя супраць цябе? Ты быў досыць прыкметным адвакатам, абараняў першых «палітычных».

— Усе мае мудрыя калегі ўпэўненыя, што гэта проста дурная памылка выканаўцаў, але калі бюракратычная машына закруцілася і ўсё дайшло да суда, суд ужо не мог адкаціць усё назад, прыйшлося мяне судзіць.

«Для мяне як для адваката гэта быў вельмі класны досвед»

— З маральнага пункту гледжання наколькі цяжка адвакату апынуцца на месцы абвінавачанага? Ці можна быць да гэтага гатовым?

— Я стараюся да ўсяго ставіцца проста. Я разумею, што гэта несапраўдная крымінальная справа, я злачынстваў не здзяйсняў, маё сумленне чыстае, таму я ставіўся да гэтага проста і не хацеў губляць з-за гэтага нервы.

Падрыхтавацца да гэтага немагчыма, гэта ў любым выпадку шок. Але я скажу, што для мяне як для адваката гэта быў вельмі класны досвед. Па-першае, убачыць, як ты сам успрымаеш гэтую сістэму знутры, па-другое, зразумець, як твой кліент адчувае сябе ў статусе абвінавачанага, па-трэцяе, для мяне было важна ўсвядоміць, што твой кліент хоча ад цябе. У мяне было два адваката і, стаўшы абвінавачаным, я хацеў, як кліент, зразумець, чаго я хачу ад свайго адваката.

Андрэй Мачалаў. Фота: Віялета Саўчыц

— Ты як кліент атрымаў ад сваіх адвакатаў тое, што хацеў?

— Так, яны далі ўсё, што магчыма. Мяне абаранялі вельмі добрыя людзі. Мой першы адвакат Віталь Брагінец, на жаль, сам стаў абвінавачаным, яго пасадзілі за тыдзень да майго суда. Потым у мяне былі два дзяжурныя адвакаты, якія нават не чыталі справу. Я ад іх адмаўляўся ў судзе. Потым у мяне быў прыцягнуты мной адвакат, які таксама вялікі профі.

— Як тэхнічна ўвесь гэты працэс праходзіў для цябе? Пакуль табе зачытвалі пастанову аб крымінальнай справе, дзе ты падазраваны, допыты і іншае, ты зачытваў ім свае правы і КПК?

— У мяне ўсё праходзіла крыху не па той схеме, па якой гэта адбываецца ва ўсіх. Пасля таго як мяне пазбавілі ліцэнзіі, я на два месяцы ад'язджаў з краіны адпачываць. Калі я вярнуўся назад, спрацавала сістэма кантролю на мяжы і праз пару дзён мне патэлефанаваў следчы з Заводскага УСК і запрасіў на допыт у якасці падазраванага.

— Якія ў цябе ў гэты момант былі думкі? Ты не думаў тут жа з'ехаць з краіны?

— Не, я нікуды не збіраўся ехаць. Ніколі я сябе не бачыў палітычным эмігрантам і быць ім не хачу. Я проста пачуў свой артыкул і зразумеў, што гэта нейкае глупства. Прыйшоў да следчага са сваім адвакатам і следчы так і сказаў, што гэта несур'ёзна.

На маю прынцыповасць пакрыўдзілася суддзя Касцюкевіч. Яна напісала заяву ў РУУС Заводскага раёна, маўляў, праверце гэтага чалавека, ці не з падробленым пасведчаннем ён хадзіў у суд. РУУС правяло праверку, накіравала матэрыялы ва УСК, дзе адказалі, што складу злачынства няма і падрабязна распісалі чаму.

Сітуацыя была зразумелая і без майго допыту, нават юрыдычна такое дзеянне не можа быць складам злачынства. Але потым жалезнай воляй пракурора Заводскага раёна выносіцца пастанова аб завядзенні крымінальнай справы.

У мяне не было жудасных ператрусаў, кайданкоў, СІЗА. Мне праўда пашанцавала. Як жартуюць мае калегі, у мяне была дэма-версія крыміналкі: я ўсё прайшоў, паглядзеў, усё спадабалася, у канцы атрымаў амністыю. І напісаў ім водгук у выглядзе скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.

«Ціха, кулуарна адвакаты дамаўляюцца на змякчэнні для кліентаў»

— Ці ёсць сёння сэнс заставацца адвакатам у Беларусі, калі законы не працуюць ужо і для саміх адвакатаў?

— Я заўсёды быў прыхільнікам таго, што трэба працягваць працаваць да апошняга. Вось гэтая стандартная прымаўка: «Рабі, што можаш, і будзь, што будзе», актуальная будзе заўсёды, нават калі ў адвакатаў пачнуць проста страляць.

Зразумела, што сэнсу юрыдычнага практычна няма, але ў той жа час ёсць мноства добрых прыкладаў.

Андрэй Мачалаў. Фота: Віялета Саўчыц

Па асобных кейсах, пра якія пішуць у СМІ, мяркуюць пра ўсю сістэму. Ёсць, вядома, мноства жудасных прыкладаў, але ў той жа час ёсць прыклады, калі негалосна, ціха, кулуарна адвакаты дамаўляюцца пра змякчэнні для кліентаў. Таму сказаць, што адвакат зусім не патрэбны, не магу. Вядома, не патрэбны дзяжурны адвакат, які зусім не знаёміцца са справай, альбо адвакат, які ў сваіх сацсетках піша пасты пра экстрэмістаў, журналістаў — а ёсць і такія адвакаты, хто падтрымлівае прапагандысцкі наратыў, іх шмат. Але засталіся яшчэ добрыя адвакаты, якія ціха, але эфектыўна абараняюць кліентаў.

— Што рабіць людзям у Беларусі, калі яны сёння хочуць заключыць дамову з адвакатам, але баяцца памыліцца з выбарам, улічваючы, што адвакатаў засталося не так шмат?

— Мой рэцэпт такі: пазнаёміцца з адвакатам загадзя, каб разумець, хто гэты чалавек. У ідэале — узяць адваката па рэкамендацыях. І варта заключыць прэвентыўную дамову загадзя. Яна табе можа і не спатрэбіцца, але ты будзеш ведаць, што ў выпадку чаго да цябе прыйдзе абаронца.

У адміністрацыйнай справе адваката можна і не выклікаць, а ў крымінальнай ён патрэбны як мінімум для таго, каб не нагаварыць на сябе лішняга.

— Дарэчы, пра гэта. Як адвакат ты можаш сказаць, як правільна рабіць, калі цябе ўжо затрымалі па «палітычнай справе»: усё прызнаваць, каб паменшыць сабе тэрмін і выратаваць сябе ці прынцыпова не згаджацца з палітычна матываванымі абвінавачваннямі?

— Гэта заўсёды складаны маральны выбар. Лічыцца, што чалавек павінен сам прыняць такое рашэнне, таму што і адзін, і другі варыянт можа апынуцца як правільным, так і няправільным, ніколі не адгадаеш. Адвакат павінен растлумачыць кліенту правы і наступствы: што будзе пры такім выбары, а што — пры такім.

Я магу сказаць пра сябе: я не змог маўчаць. Маю справу спачатку на паўгода прыпынілі, маўляў, пасядзі ціхенька, Дачакайся спынення тэрмінаў даўніны і калі ніхто не будзе супраць, справа спыніцца. Але, як аказалася, гэта не мой выпадак, мне не хацелася сядзець тры гады ціхенька і не пярэчыць супраць усялякіх працэсуальных глупстваў.

Гэта значыць, я б і ў сваёй справе, і калі б у мяне былі цяжкія артыкулы, веру, што не стаў бы нічога прызнаваць. Але тых, хто прымае такое рашэнне, судзіць немагчыма, мы не былі на іх месцы.

— Калі казаць пра правасуддзе Беларусі будучыні, што будзе з суддзямі, якія выносяць сёння вар'яцкія прысуды па палітычных справах?

— Я не веру, што цяпер ёсць суддзі, якія не разумеюць, што яны робяць. За вынясенне заведама неправасудных прысудаў трэба адказваць перад законам. І не трэба прыдумляць ніякай сістэмы, каб гэты чалавек у далейшым не быў суддзёй: у суддзі з судзімасцямі не бяруць.

— Ці патрэбная ў Беларусі люстрацыя і ў якім выглядзе? Магчыма, публічнага пакаяння грамадству можа падацца мала.

— Люстрацыя магчымая, гэта ўніверсальны механізм, абкатаны ў сусветнай практыцы. Тое, у якім выглядзе яна павінна быць у Беларусі, хто пад яе павінен трапіць і якое пакаранне панесці, неабходна вырашаць прафесіяналам. Галоўнае — не сысці ў крайнасці і прытрымлівацца залатой сярэдзіны.

З падручнікаў гісторыі я памятаю нямецкую люстрацыю, калі на пярэчанне пра тое, чаму ўсе нацысцкія злачынцы не сядзяць, чаму нацысцкія суддзі працягваюць працаваць суддзямі, гучаў гранічна просты адказ: гэта тыя немцы, якія ў нас ёсць, іншымі немцамі мы не можам іх замяніць, нельга паўкраіны за адзін раз узяць і пасадзіць. Таму адназначнага стаўлення да гэтага пытання ў мяне няма.

— Што будзе з прапагандыстамі? Ці трэба і іх судзіць за распальванне нацыянальнай варожасці?

— Я як юрыст схіляюся да таго, што калі ў дзеяннях чалавека ёсць склад злачынства, яго трэба судзіць. З пункту гледжання юрыспрудэнцыі не павінна быць ніякіх падзелаў «свой — не свой», «прытрымліваецца пэўнай ідэалогіі — не прытрымліваецца». Крымінальны пераслед павінен быць універсальным.

Цяпер ёсць добры прэцэдэнт Міжнароднага крымінальнага суда, калі ідзе суд па злачынцах Руанды, і ён добра паказвае, што прапагандысты маглі быць крыніцай пачатку генацыду над нацыянальнай меншасцю. Думаю, гэты кейс у будучыні будзе выкарыстоўвацца шмат дзе на нацыянальным узроўні ў тым ліку.

Але, зноў жа, маё шчырае перакананне, што суды павінны быць толькі над людзьмі, якія ўчынілі канкрэтнае злачынства. Не можа быць такога, што нейкага журналіста Белтэлерадыёкампаніі будуць судзіць толькі за тое, што ён журналіст Белтэлерадыёкампаніі.

Часта людзі забываюць, што ёсць маральнае асуджэнне, не за ўсё павінна быць крымінальнае пакаранне. Немалаважны факт — грамадскае ганьбаванне людзей, побач з якімі ты жывеш. Гэта таксама важна і на многіх гэта можа паўплываць мацней, чым крымінальны пераслед.

Чытайце таксама:

«Гэта катастрофа». Колькасць адвакатаў зменшылася на чвэрць

Адвакаты, пазбаўленыя права на прафесію, аб'ядналіся ў асацыяцыю

«Я магу дыхаць». Сястра Максіма Знака з'ехала з Беларусі

Nashaniva.com