Генерал Белаконеў расказаў пра краіну з імперскімі амбіцыямі, якая хоча захапіць Беларусь. І гэта не Расія
Былы начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, а цяпер старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алег Белаконеў расказаў, чаго баяцца ўлады, і прапанаваў стварыць свае «сілы салідарнасці».
15.06.2023 / 09:16
Алег Белаконеў. Скрыншот відэа БТ
«Яны не могуць супакоіцца»
Белаконеў пракаментаваў на тэлеканале «Беларусь 1» заяву экс-міністра нацыянальнай абароны Польшчы Скшыпчака пра тое, што Польшча мае падтрымаць «войскі, якія будуць весці аперацыю супраць Лукашэнкі». Былы вайсковец выказаў меркаванне, што
«цяпер у апазіцыі застаўся адзіны спосаб — план «Перамога», які прадугледжвае ўзброены пераварот і сілавое звяржэнне ўлады. Другога варыянта ўжо няма. Яны паспрабавалі ўжо ўсё».
На думку дэпутата, «Польшча, якую скіроўваюць Злучаныя Штаты, цяпер спрабуе заняць цэнтральнае месца ў Еўропе».
«Імперскія амбіцыі іх перапаўняюць. Гэта датычыць як Украіны, так і заходніх тэрыторый Рэспублікі Беларусь. Беларусь не выстаўляе тэрытарыяльных прэтэнзіяў нікому. А яны не могуць супакоіцца. Яны хочуць толькі тэрыторыю і таго, каб беларускі народ ператварыўся ў насельніцтва гэтай тэрыторыі.
Тое, што яны спрабавалі зрабіць у 2020 годзе і ад чаго яны не адыходзяць цяпер, падтрымліваючы тэрарыстычныя арганізацыі, якія стварыла спадарыня Ціханоўская», — прыпісаў дэпутат расійскія амбіцыі Польшчы.
Былы вайсковы выказаў прапановы:
«Калі Еўропа так баіцца Расійскую Федэрацыю, то давайце створым свае еўрапейскія «сілы салідарнасці» і ўключым туды Заходнюю ваенную акругу Расійскай Федэрацыі, Беларусь і Украіну.
Тады ніхто не будзе ні з кім ваяваць. Усё будзе спакойна».
Белаконеў згадаў, што там, дзе некалі стаялі савецкія войскі ў краінах Еўропы, цяпер стаяць войскі НАТА.
«Яны могуць рабіць усё, што захочуць. Могуць павялічваць колькасць, ствараць базу за базаю, але тое, што тычыцца стасункаў Расіі і Беларусі, то гавораць аб тым, што ідзе акупацыі Беларусі», — адзначыў дэпутат.
«Гарантаваць абароненасць ад прылётаў беспілотнікаў я не магу»
Белаконеў разважае, што спосабы вядзення войнаў змяніліся. «Са зʼяўленнем беспілотнай авіяцыі іх стала складана засякаць сродкамі разведкі і станцыямі супрацьпаветранай абароны. Такія прылёты могуць быць і ў Беларусі. Бо дальнасць беспілотных лятальных апаратаў можа складаць і тысячу, і дзве тысячы кіламетраў».
На погляд дэпутата і былога вайсковага, ні адна дзяржава не можа сказаць, што яна на сёння ад гэтага абароненая.
«Ёсць сродкі радыёэлектроннай барацьбы. Але сказаць, што мы гарантавана абароненыя ад такіх прылётаў, я на сябе такую адказнасць узяць не магу»,
— заявіў Белаконеў.
«Нас проста ненавідзяць толькі таму, што мы разам з Расіяй», — выказаўся ён.
Чытайце яшчэ:
Апублікаваны праект закона пра народнае апалчэнне. Расказваем, што ў ім