«Ён цяпер сустракаецца з Богам». У Мілане развіталіся з Сільвіа Берлусконі
15.06.2023 / 6:32
У міланскім саборы ў сераду адбылася цырымонія развітання з былым прэм'ер-міністрам Італіі і лідарам партыі «Наперад, Італія!» Сільвіа Берлусконі. У краіне раней абвясцілі дзень нацыянальнай жалобы.
Сямейнікі былога прэм'ер-міністра Італіі (злева направа): брат Паола, дачка Марына, партнёрка Марта Фашына, развітваюцца з труной Сільвіа Берлусконі ля гатычнага сабора Мілана на поўначы Італіі. Фота Luca Bruni / AP
Абкладзеную ружамі труну Берлусконі паднялі з катафалка і ўнеслі ў Міланскі сабор для памінальнай імшы пад апладысменты тысяч людзей, якія сабраліся, каб развітацца з экс-прэм'ерам, як піша «Еўрапейская праўда».
У сваім выступе арцыбіскуп Мілана Марыа Дэльпіні падкрэсліў неадназначнасць фігуры Берлусконі, адзначыўшы, што ён быў бізнэсоўцам, які меў поспехі і няўдачы, палітыкам, які перамагаў і прайграваў, і асобай, якая імкнулася да славы і мела прыхільнікаў і нядобразычліўцаў.
«Але ў гэты момант развітання і малітвы, што мы можам сказаць пра Сільвіа Берлусконі? Ён быў чалавекам: імкненне да жыцця, імкненне да любові, імкненне да радасці. Ён — чалавек, і цяпер ён сустракаецца з Богам», — дадаў ён.
На развітанні з Берлусконі прыйшлі першыя італьянскія дзеячы, у прыватнасці прэм'ер-міністр Джорджа Мелоні і прэзідэнт Серджа Матарэла, а таксама экс-прэм'еры Матэа Рэнцы, Паола Джэнцілоні і Марыа Драгі.
Сярод замежных гасцей прысутнічалі прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан і эмір Катара шэйх Тамім бін Хамад Аль Тані.
Сільвіа Берлусконі памёр у панядзелак на 87-м годзе жыцця. Перад смерцю ён трапіў у бальніцу.
Паводле медыя, у Берлусконі дыягнаставалі хранічны міеламонацытарны лейкоз — рэдкі тып раку крыві, які характэрны для пажылых пацыентаў.
Чытайце таксама:
86-гадовы Берлусконі зноў трапіў у бальніцу
Берлусконі заявіў, што не стаў бы сустракацца з Зяленскім
Берлусконі пасля крытыкі Зяленскага заявіў, што ён на баку Украіны