Starbucks заплаціць звольненай белай супрацоўніцы 25,6 мільёна даляраў па справе аб расавай дыскрымінацыі

Шэнан Філіпс, былая рэгіянальная менеджарка кампаніі Starbucks, была звольненая пасля таго, як у 2018 годзе ў адным з яе філіялаў у Філадэльфіі арыштавалі двух цемнаскурых чалавек, што прывяло да масавых пратэстаў. Пры гэтым яе чарнаскуры калега захаваў працу.

15.06.2023 / 06:49

Фота: John Minchillo / AP

Суд прысяжных прыйшоў да высновы, што фактарам у яе звальненні стала яе расавая прыналежнасць, і гэта парушыла антыдыскрымінацыйныя законы, як піша Бі-бі-сі.

Федэральнае журы суда ў Нью-Джэрсі вызначыла, што Starbucks парушыла федэральныя грамадзянскія правы Шэнан Філіпс, а таксама закон штата Нью-Джэрсі, які забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце расы, прысудзіўшы ёй 600 000 даляраў у якасці кампенсацыі за шкоду і 25 мільёнаў даляраў у якасці штрафных санкцый.

Інцыдэнт у кавярні

Інцыдэнт адбыўся ў філіяле Starbucks у Філадэльфіі ў 2018 годзе, калі аднаму з двух цемнаскурых мужчын, якія знаходзіліся ў кавярні, не дазволілі скарыстацца прыбіральняй, бо ён нічога не купіў.

Мужчыны заявілі, што прыйшлі на дзелавую сустрэчу і кагосьці чакаюць. Калі яны адмовіліся пакінуць установу, супрацоўнікі, як паведамляецца, выклікалі паліцыю, якая надзела на іх кайданкі і вывела з кавярні.

Іх арышт знялі на відэа, а пазней апублікавалі ў сацыяльных сетках, што прывяло да пратэстаў. Starbucks закрыла ўсе свае 8000 кавярняў у ЗША на адзін дзень, каб правесці трэнінг для супрацоўнікаў, прысвечаны таму, як змагацца з прадузятасцю, у тым ліку расавай.

Рэгіянальную менеджарку кампаніі Шэнан Філіпс звольнілі, а цемнаскуры менеджар аддзялення, дзе адбыўся інцыдэнт, захаваў сваю працу.

У 2019 годзе Філіпс падала ў суд на Starbucks, абвінаваціўшы кампанію ў незаконным звальненні і несправядлівым пакаранні белых супрацоўнікаў.

Яе адвакаты сцвярджалі, што кіраўніцтва Starbucks шукала казла адпушчэння, якога можна было б звольніць, каб паказаць, што неабходныя захады зробленыя.

Nashaniva.com