Выступ Беёнсэ ў Швецыі справакаваў рост інфляцыі ў краіне

Выраслі цэны на паслугі, гатэлі і рэстараны.

15.06.2023 / 07:41

Беёнсэ. Фота: AP

Амерыканская спявачка Беёнсэ справакавала рост інфляцыі ў Швецыі, пачаўшы са Стакгольма сваё сусветнае турнэ.

Паводле звестак статыстычнага ўпраўлення Швецыі, з красавіка да мая ўзровень інфляцыі ў краіне склаў 0,3 адсоткавага пункта.

Галоўны эканаміст Danske Bank Майкл Гран запэўніў журналістаў, што павышэнне цэн было часткова звязанае з узрослым попытам на «шырокі набор тавараў і паслуг, напрыклад наведванне гатэляў і рэстаранаў» і на «рэкрэацыйныя паслугі», уключаючы квіткі на канцэрты, як піша Politico.

«Пачатак сусветнага турнэ Беёнсэ ў Швецыі, падобна, паўплываў на майскую інфляцыю. Наколькі — невядома, але, імаверна, гэта 0,2 працэнтнага пункта з 0,3, якія дадалі гатэлі і рэстараны. Мы чакаем, што ў чэрвені гэты нечаканы рост адкаціцца назад, паколькі цэны на гатэлі і квіткі вернуцца да нормы», — сказаў Гран.

Сёння амерыканская спявачка выступіць у Кёльне, а 27 і 28 чэрвеня яна дасць два грандыёзныя канцэрты на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. У раскладзе пазначылі, што змяшчальнасць стадыёна — 72 тысячы чалавек.

Чытайце таксама:

Фінскаму ўдзельніку «Еўрабачання» далі на год бясплатна карыстацца кватэрай

Пол Мак-Картні запісаў «апошнюю песню Бітлз». Прычым зрабіў гэта з дапамогай штучнага інтэлекту

«J:Морс» дасць канцэрт на даху ў цэнтры Варшавы

Nashaniva.com