«Усё гэта нагадвала фільм «Тэрмінал» з Томам Хэнксам». Гісторыя беларуса, якога затрымалі ў Арменіі

Яўген Гуцалаў з 2021 года жыве ў Турцыі, куды зьехаў пасьля рэпрэсій на радзіме. У красавіку 2023 году Яўген паляцеў у Армэнію, дзе яго затрымала паліцыя. У гутарцы са «Свабодай» ён расказвае пра свае прыгоды.

15.06.2023 / 10:16

«Крымінальную справу завялі за сатырычнае відэа ў Instagram»

Яўгена Гуцалава называлі «Беларускім Форэстам Гампам». У 2019 годзе ён за 10 дзён прабег Беларусь з поўначы на поўдзень, адолеўшы 650 кілямэтраў. З 2015 году арганізоўваў паходы па Турэччыне, вадзіў групы па цікавых мясьцінах. У 2020 годзе Яўгена за ўдзел у маршах пратэсту затрымлівала міліцыя ў Віцебску. Пасьля гэтага ў 2021-м ён перабраўся ў Турэччыну. Пераехаўшы, даведаўся, што на Радзіме на яго завялі крымінальную справу — за «Зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу).

«Гэта было сатырычнае відэа, якое я зьняў і выклаў у Instagram. Міліцыянты спахапіліся, калі я быў ужо ў Турэччыне. Сьледчы пісаў мне паведамленьні, каб я вярнуўся і прыйшоў на допыт», — расказвае Яўген.

У Турэччыне ён атрымаў часовы дазвол на жыхарства. Пасьля землятрусу 2023 году Яўген уключыўся ў валянтэрскую дзейнасьць, зьбіраў дапамогу пацярпелым. У красавіку ён вырашыў выехаць з Турэччыны ў Ерэван, каб «абнуліць» час знаходжаньня ў краіне й пасьля падаць дакумэнты на новы дазвол на жыхарства. Але ў Армэніі беларуса затрымалі проста ў аэрапорце. Прычынай назвалі тое, што ён знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі.

«Патлумачылі, што вышук — у межах ЭАЭЗ, Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Памежнікі затрымалі адразу на пашпартным кантролі, сказалі чакаць паліцыі», — расказвае Яўген.

«У ізалятары пыталіся: «Жэня-джан, хочаш есьці?»

У аэрапорце, па словах Яўгена, да яго прыйшла паліцыя зь перакладчыкам. Яму патлумачылі пра вышук, паказалі адпаведныя паперы. Потым завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Там Яўген прабыў двое сутак.

«Абыходзіліся добра. Такога быдлячага стаўленьня, як у Беларусі ад міліцыі, не было. Казалі і паліцэйскія, і людзі пры сустрэчах, што ведаюць пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. Лукашэнку яны чамусьці называлі «Містэр Бульба», — кажа Яўген.

У камэры ён быў адзін. Кажа, што там быў толькі кран зь пітной вадой, прыбіральні не было, але ў яе вадзілі на патрабаваньне, як і ў душ.

«Кармілі нармальна. Толькі я не зразумеў, як ежу давалі па часе. Бо прыходзілі й пыталіся: «Жэня-джан, хочаш есьці?» Ну, давайце. Яшчэ і дабаўку прапаноўвалі», — згадвае беларус.

У выніку пракуратура Армэніі выдала пастанову адпусьціць Яўгена, бо паводле армянскага заканадаўства такія злачынствы, як «Зьнявага дзяржаўных сымбаляў», не караюцца пазбаўленьнем волі, як у Беларусі.

«Усё гэта нагадвала фільм «Тэрмінал»

Хоць зь ізалятара Яўгена адпусьцілі, але на гэтым прыгоды ня скончыліся, як расказвае мужчына. Выявілася, што яму нельга выехаць з Армэніі.

«Сказалі, што я ў вышуку, таму мяне ня могуць выпусьціць. Мне гэта нагадвала фільм «Тэрмінал». Я й кажу памежнікам, што ці глядзелі яны яго? А яны мне: «Там быў толькі тэрмінал, а ў цябе — уся краіна. Жэня-джан, едзь, вывучай Армэнію!» — кажа беларус.

«Вывучаў» ён Армэнію паўтара месяца: пісаў звароты ў міліцыю, пракуратуру, Службу нацыянальнай бясьпекі, упаўнаважанаму па правах чалавека. Яўген кажа, што з Генэральнай пракуратуры яму далі дакумэнт, што ня маюць прэтэнзій. З гэтай паперай ён спрабаваў зноў выехаць з Армэніі, але няўдала.

«Сказалі: «Хай ініцыятар вышуку здымае яго, бо ты ёсьць у праграме, і мы ня можам цябе выпусьціць». Зноў пачаў пісаць па інстанцыях. У выніку атрымаў паперу ад Службы нацыянальнай бясьпекі, што армяне ў аднабаковым парадку здымаюць зь мяне вышук», — згадвае беларус.

Ён дадаў, што нават спрабаваў падацца на палітычны прытулак у Армэніі, бо баяўся экстрадыцыі ў Беларусь. «Але, мусіць, яны падумалі, што навошта ім такія праблемы — даваць статус уцекача беларусу, хай лепш едзе куды хоча», — мяркуе Яўген.

Яўген кажа, што ў Армэніі сустракаў шмат расейцаў, якіх перасьледуюць на іх радзіме за антываенныя лёзунгі ці выказваньні.

«Некаторыя ўцякаюць ад мабілізацыі і атрымалі артыкулы за «дэзэрцірства». Іх таксама затрымлівалі, як і мяне. І потым яны не маглі выехаць з Армэніі. Але ўрэшце ім дапамаглі праваабарончыя арганізацыі», — расказвае беларус.

Цяпер Яўген Гуцалаў вярнуўся ў Турэччыну і будзе рабіць часовы дазвол на жыхарства.

«Свабода» зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў Армэніі з просьбай пракамэнтаваць затрыманьне Яўгена Гуцалава. Ведамства пакуль не пракамэнтавала сытуацыю.

Nashaniva.com