На саміце НАТА ў Вільне Украіне могуць быць дадзены гарантыі «сярэднія паміж тымі, што атрымлівалі Фінляндыя і Ізраіль» — прэзідэнт Чэхіі

Прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл, генерал у адстаўцы і старшыня вайсковага камітэту НАТА ў 2015-2018 гадах, у інтэрв'ю «Свабодзе» пракаментаваў магчымыя гарантыі НАТА Украіне.

15.06.2023 / 10:56

Прэзідэнт Чэхіі Пэтр Павэл. Фота: Alastair Grant / AP Photo

 «Я чуў пра два, скажам так, тыпы або сцэнары гарантый [НАТА Кіеву]. Адзін — такія ж гарантыі, якія былі прадастаўлены Фінляндыі: ад ідэі далучэння да НАТА да ратыфікацыі. Іншы — [нешта накшталт] гарантый бяспекі для Ізраіля. Верагодна, мы ўбачым нешта сярэдняе.

Але для мяне гарантыяй будзе тое нават тое, што мы проста зафіксуем на паперы тое, што мы ўжо робім для Украіны, і зробім гэта свайго роду доўгатэрміновым планам», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што бачыць Украіну ў якасці будучага сябра ЕС. Ён звязвае гэта з пасляваенным аднаўленнем Украіны.

«Я нават магу ўявіць сабе нейкі План Маршала для Украіны, які не толькі дазволіў бы Украіне хутка развівацца, ліквідаваць шкоду, нанесеную вайной, але і стаў бы сродкам уступлення ў ЕС. Таму што прадастаўленне такой шырокай падтрымкі ў шэрагу абласцей на самай справе ўяўляе сабой таксама набор правілаў, якія павінны быць выкарыстаны, каб зрабіць гэта правільна. Гэта будзе працэс навучання з абодвух бакоў. Каб любая краіна-прэтэндэнт ўступіла ў ЕС, яна павінна выканаць шэраг умоў, паслядоўна дасягнуць шэрагу мэтаў. І яны могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў працэсе рэканструкцыі.

Так што калі разглядаць гэта такім паралельным чынам, я лічу, што перспектыва сяброўства ў ЕС павінна быць вельмі яснай як для Украіны, так і для ЕС. І я шчыра веру, што гэта будзе добра для абодвух бакоў».

Чытайце таксама:

Украіна будзе мець толькі адну спробу для вялікага контрнаступлення — прэзідэнт Чэхіі

Прэзідэнт Чэхіі падарыў Зяленскаму пісталет

Дзяўчынцы ў чэшскай школе плюнулі ў твар, бо яна ўкраінка. Прэзідэнт Чэхіі сустрэўся з ёй, каб падтрымаць

Nashaniva.com