Памерла актрыса і палітык Гленда Джэксан. Яна люта ненавідзела Маргарэт Тэтчэр
Брытанская актрыса і палітык Гленда Джэксан памерла на 88-м годзе жыцця пасля непрацяглай хваробы. Пра гэта паведаміў яе агент Лайнэл Ларнер, як піша Бі-бі-сі.
15.06.2023 / 15:49
Гленда Джэксан. Фота Evan Agostini / AP
Джэксан стала міжнароднай зоркай у 1970-х, калі атрымала «Оскар» за фільмы «Закаханыя жанчыны» і «З шыкам». Яшчэ два разы яна намінавалася на «Оскар», а таксама атрымала прэміі BAFTA і « Залаты глобус» за тыя ж фільмы.
Большасць фільмаў і пастановак у яе кар'еры прыйшліся на перыяд да 1992 года, калі яна пакінула сцэну і з галавой нырнула ў палітыку.
Джэксан выбралася ў парламент ад Партыі лейбарыстаў, дзе заўсёды заставалася ў традыцыйным левым крыле партыі. Паводле яе слоў, яна была гатовая «рабіць усё, што легальна, «для процідзеяння палітыцы Тэтчэр», якая, на яе думку, знішчала Брытанію.
З Маргарэт Тэтчэр звязаны і самы спрэчны момант у яе палітычнай кар'еры. У красавіку 2013 года парламент сабраўся, каб ушанаваць памяць былой прэм'ер-міністаркі, якая памерла незадоўга да гэтага.
Але Джэксан не бачыла прычын стрымліваць эмоцыі і вельмі жорстка выказалася на адрас Тэтчэр, якая, на яе думку, «нанесла краіне жахлівую сацыяльную, эканамічную і духоўную шкоду».
Кансерватыўныя сябры парламента былі раз'юшаныя, калі спікер адмовіўся выключыць яе выказванні з рэгламенту. Адзін палітычны каментатар абвінаваціў левых лейбарыстаў у «дробязнасці», «дзяцінстве» і «самадурстве» ў сваіх невысакародных нападках на памяць Жалезнай лэдзі.
У 1997 годзе Джэксан увайшла ва ўрад Тоні Блэра, дзе стала ценявой міністаркай транспарту. Праз два гады няўдала спрабавала выбрацца мэрам Лондана і пагражала выставіць сваю кандыдатуру супраць Блэра на выбарах лідара партыі, але і тут поспеху не дамаглася.
Джэксан пакінула палітыку ў 2015-м, а ў наступным годзе вярнулася на сцэну пасля 25-гадовага перапынку. 80-гадовая актрыса сыграла ў «Каралі Ліры» ў пастаноўцы Дэбары Уорнер.