Пасол Кізім: Пра беларуска-ўкраінскія перамовы ў Львове я нічога не чуў. А Лукашэнка званіў Зяленскаму

У аўторак Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай заявіў, што Уладзімір Зяленскі спрабуе наладзіць дыпламатычны кантакт з Беларуссю і быццам бы адбыліся нейкія беларуска-ўкраінскія перамовы ў Львове. Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў гэтыя словы радыё «Унэт».

16.06.2023 / 10:44

Ігар Кізім, пасол Украіны ў Беларусі

Лукашэнка заявіў: «Зяленскі мне прапануе: «Давай пагаворым». Дасылае гэтага Кірылу Буданава на перамовы недзе. Мы паехалі праз мяжу іх, міністр замежных спраў паехаў туды, не першы раз, селі ў Львове, вядзём перамовы. Здаецца, нармальна. Даведаліся амерыканцы. Пайшлі нейкія непаразуменні. Яны нам прапануюць: «Давайце наступным разам у Стамбуле». Ды пашлі вы на хрэн. Які Стамбул? Чаго мы ў Стамбул паедзем, мы мяжуем з вамі. Хочаце размаўляць — давайце размаўляць».

Калі праходзілі гэтыя перамовы, Лукашэнка не ўдакладніў. Пра што ідзе гаворка, не зразумеў і пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

— Афіцыйна нічога такога не было. Можа, калі была сустрэча ў Белавежскай пушчы, нехта паехаў у Львоў з беларускага боку. Але я пра гэта не ведаю, афіцыйна не каментаваў і не буду гэта каментаваць. Там, дзе я быў на перамовах, а я быў у Белавежскай пушчы, то я бачыў, што там беларусаў не было.

— Вы казалі, што Лукашэнка шукаў кантактаў з Зяленскім…

— Ён званіў, намагаўся. Але я не чуў, каб былі нейкія кантакты пасля перамоў у Белавежскай пушчы. Я, прынамсі, не браў удзелу ў іх арганізацыі. Заўжды ў такіх выпадках амбасада далучаецца, амбасадар далучаецца.

Усё, што робіць цяпер беларуская ўлада, — гэта прамы шлях да інтэграцыі з Расіяй. І трэба быць рэалістамі, каб разумець, што гэты працэс не спыняецца. Любая інтэграцыя прадугледжвае перадзел уладных паўнамоцтваў з таго ці іншага боку.

Гэта ў любым саюзе адбываецца, незалежна [ад таго], ці то ў Еўрапейскім саюзе, ці то ў Савецкім, ці то ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Пытанне, [якое] вынікае, — наколькі гэтая інтэграцыя будзе глыбокая, што трэба будзе паступіцца часткай суверэнітэту, ці не.

Цяпер я бачу, што ідзе пэўнае зрошчванне дзяржаўных органаў Расіі і Беларусі. Да якой ступені гэта дойдзе — я не ведаю. Ці ёсць гэта пазбаўленнем паўнамоцтваў аднаго кіраўніка, ці другога — тут час пакажа.

Nashaniva.com