Расія не згодная з прапанаваным Беларуссю павышаным тарыфам прапампоўкі нафты па «Дружбе»

Расію не задавальняе прапанаванае Беларуссю павышэнне тарыфу прапампоўкі нафты праз нафтаправод «Дружба», паведаміў міністр энергетыкі РФ Мікалай Шульгіноў.

16.06.2023 / 21:09

«Мы будзем абмяркоўваць гэтае пытанне. Там цяпер пастаўкі ідуць больш у Германію і Польшчу, але ўсё адно мы павінны вызначыць справядлівы і эканамічна абгрунтаваны тарыф», — цытуе чыноўніка ТАСС.

«Пастаўкі там ідуць у Германію па паўночнай галінцы, мы іх узгадняем. Адгрузак расійскай нафты там цяпер няма. Сукупныя аб'ёмы нарошчваюцца кожны месяц, у першую чаргу Германіяй. Мы штоквартальна глядзім, колькі нафты можа прапусціць трубаправодная сістэма. На год узгоднена пастаўка 1,2 млн тон, гэта значыць па 100 тысяч тон у месяц. Казахстан у дыскусіі не ўдзельнічае, таму што трубаправод не іх. Казахстан можа ўжо потым прымаць рашэнне, больш ці менш пампаваць», — адзначыў Шульгіноў.

Пры гэтым міністр не стаў каментаваць, ці рэнтабельны будзе такі тарыф, адзначыўшы, што «яшчэ не дамовіліся пра тарыф. Гэтае пытанне абмяркоўваецца».

Беларусь з 1 ліпеня бягучага года хоча павысіць тарыф на прапампоўку нафты па сваім участку нафтаправода «Дружба» аж на 84% для кампенсацыі страт ад агульнага зніжэння аб'ёму паставак расійскай нафты. З такой прапановай звярнулася «Гомельтранснафта Дружба» да расійскай «Транснафты».

Чытайце таксама:

«Беларуснафта» пабудуе свой завод па вытворчасці кварцавага пяску

Беларуская эканоміка ў 2023-м можа дацягнуць да ўзроўню 2019 года, а можа і не дацягнуць

Еўрасаюз прапанаваў спыніць пастаўкі расійскай нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў Германію і Польшчу

Nashaniva.com