Дом-музей Рэмбранта ў Амстэрдаме арыгінальным спосабам прываблівае моладзь

Вядомы тату-майстар Hanky ​​Panky, сярод кліентаў якога былі Лэдзі Гага і Red Hot Chili Peppers, прапануе наведвальнікам зрабіць татуіроўкі з вобразамі з твораў знакамітага мастака.

17.06.2023 / 11:54

Усе ахвотныя могуць зрабіць татуіроўкі, якія адсылаюць да твораў Рэмбранта. Фота: Museum Rembrandhuis

У анонсе акцыі на сайце музея адзначаецца, што ў Рэмбранта і студыі Schiffmacher & Veldhoen, заснавальнікам якой з'яўляецца Хенк Шыфмахер (Henk Schiffmacher), больш вядомы як Hanky ​​Panky, шмат агульнага: яны сусветна вядомыя майстры сваёй справы і глыбока ўкараніліся ў ДНК Амстэрдама. У іх мастацтве таксама ёсць важныя падабенствы: як у гравюрах, так і ў татуіроўках усё пачынаецца з малюнка, які затым наносіцца на паверхню тушшу і іголкай.

Там, дзе Рэмбрант выкарыстоўваў медную пласціну і ліст паперы, каб ператварыць сваю кампазіцыю ў гравюру, мастакі-татуіроўшчыкі наносяць свой малюнак на скуру чалавека. У выніку зʼяўляецца твор мастацтва, які вы носіце з сабой усё жыццё.

Тое, што Рэмбрант меў татуіроўку, малаімаверна. Але тэарэтычна гэта магчыма, таму што нанясенне перманентнага малюнка на цела — старажытная тэхніка, якая была распрацаваная ў розных рэгіёнах свету адначасова. Яна была вядомая яшчэ ў Старажытным Егіпце. 

Першапачаткова гэтыя меткі на скуры былі прыкметамі прыналежнасці да якой-небудзь групы: племянной, рэлігійнай, пірацкай, легіянерскай. Але гэта таксама быў спосаб пазначыць пэўныя катэгорыі людзей, напрыклад, рабоў ці зняволеных.

Сёння ж татуіроўка — гэта сродак заявіць аб сваёй арыгінальнасці, сродак спакушэння, правакацыі ці проста ўпрыгажэння.

Шыфмахер адзначае:

«У свеце прадаецца больш татуіровак, чым твораў мастацтва, якія можна павесіць на сцяну. Стары мастак-татуіроўшчык аднойчы назваў татуіроўкі «Рэмбрантам для бедняка», бо такі «твор мастацтва» больш даступны, чым карціна аднаго са старых майстроў, але не менш старанна выкананы і адабраны. Многія людзі таксама ствараюць сапраўдную калекцыю татуіровак ад канкрэтных мастакоў-татуіроўшчыкаў».

Усім ахвотным майстар і яго каманда падчас акцыі «Рэмбрант для беднякоў» прапануюць шэраг дызайнерскіх татуіровак, у тым ліку арыгінальныя гравюры Рэмбранта, подпіс Рэмбранта і яго манаграму.

Дырэктар дома-музея Рэмбранта Мілу Халбесма (Milou Halbesma) у інтэрвʼю The Gardian сказала, што праект адпавядае імкненню музея ахапіць разнастайных сучасных мастакоў.

«Мы заўсёды шукаем праекты, звязаныя не толькі з Амстэрдамам, але і з майстэрствам. Мы лічым сябе домам мастакоў. Рэмбрант не толькі жыў і працаваў у гэтым доме, але і навучаў сваіх вучняў. Мы хочам працаваць у нашай новай студыі з галандскімі мастакамі, каб звязацца з публікай, і мы лічым Шыфмахера і яго каманду мастакамі. Гаворка ідзе пра выклік для кожнага музея — дабрацца да наступнага пакалення».

Як паведамляецца на сайце музея, акцыя пройдзе з 19 па 25 чэрвеня ў будынку, які ў XVII стагоддзі быў культурным цэнтрам, дзе Рэмбрант, яго памочнікі і вучні разам працавалі над сваімі творамі. Цяпер новае пакаленне мастакоў XXI стагоддзя арганізоўвае тут сваю студыю. Такім чынам музей застаецца месцам, поўным інавацый і эксперыментаў. Пры гэтым захоўваецца шматвекавое мастацтва гравюры і малявання тушшу.

Папярэдняя рэгістрацыя адкрытая на сайце музея. Кошт татуіроўкі складае ад 100 да 250 еўра.

Чытайце яшчэ:

Дзе адпачыць і што паглядзець на Падляшшы?

У палацы першага беларускага арнітолага будзе музей. З пастаўскай рэзідэнцыі Тызенгаўзаў нарэшце з'едзе бальніца

Навукоўцы з дапамогай 3D-сканавання даследавалі загадкавую рымскую практыку пахавання

Антось Жупран