Трэнер Георгій Кандрацьеў: Нас ніхто не любіць
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў падзяліўся меркаваннем пра матч з Ізраілем (1:2).
17.06.2023 / 07:06
— Першы тайм выдатна атрымаўся. Відаць, план працаваў. Што адбылося ў другім? Чаму пачалі падсаджвацца?
— Не хапіла фізічных сіл. Вось і ўсё. Іншых прычын не бачу.
— Гэта моцна ўдарыла па камандзе?
— Крыўдная параза з незразумелым пенальці, другі гол таксама не зусім зразумелы. Хлопцы, вядома, засмучаныя. Я пакуль іх не чапаю. Падзякаваў за гульню. Яны аддалі ўсе сілы. Зрабілі ўсё, што маглі.
Бачыце, мы ваюем не толькі з супернікамі, але і з суддзямі. Калі прызначаюцца такія пенальці… У вароты Ізраіля быў чысты пенальці — Ваню [Бахара] рукамі выштурхнулі, нават VAR не сталі глядзець. Што тут каментаваць? Як казаў Астап Бэндэр, нас ніхто не любіць, — сказаў Кандрацьеў.
Поўная цытата персанажа Бэндэра з фільма «12 стульев» гучыць так: «Нас ніхто не любіць, калі не лічыць крымінальнага вышуку, які таксама нас не любіць», піша «Трыбуна».
Зборная Беларусі ўчора прайграла ў кваліфікацыі да Еўра-2024 камандзе Ізраіля з лікам 1:2, прычым беларусы выйгравалі да 85-й хвіліны 1:0. У панядзелак у Будапешце беларусы згуляюць са зборнай Косава.
У падапечных Кандрацьева тры паразы ў трох матчах адбору: у сакавіку беларусы прайгралі Швейцарыі (0:5) і Румыніі (1:2).
Увогуле беларусы не могуць перамагчы з сакавіка 2021 года ўжо 16 матчаў.
Чытайце таксама:
«Рэал» купіў 19-гадовага паўабаронцу за 103 мільёны еўра
Чэх, які прывёў брэсцкае «Дынама» да золата, узначаліў клуб у Маскве