«Яму вельмі страшна, таму гэты дзіўны блізнюк Мядзведзева працягвае гуляць у гэтую гульню». Падаляк пракаментаваў ядзерныя пагрозы Лукашэнкі
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што пагрозы Лукашэнкі «анекдатычныя».
17.06.2023 / 20:15
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Фота: УНІАН
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк даў вялікае інтэрв'ю ўкраінскаму «24 Каналу», у якім палітык закрануў тэму расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і звязаныя з ёй пагрозы ад Лукашэнкі.
Па словах Падаляка, успрымаць сур'ёзна любыя пагрозы з боку Лукашэнкі, асабліва ядзерныя, з'яўляецца чымсьці абсалютна бессэнсоўным і «анекдатычным».
«Па-першае, гэта тактычная ядзерная зброя, там няма ніякай кнопкі ці чагосьці падобнага. Па-другое, гэтая зброя будзе падкантрольная выключна расійскім войскам. Па-трэцяе, носьбіты гэтай тактычнай ядзернай зброі — гэта тыя ж ракеты, якія рэгулярна атакуюць Украіну без ядзерных зарадаў і якія могуць ляцець на адлегласці ад 500 да 6000 км, што робіць іх размяшчэнне ў Беларусі абсалютна бессэнсоўным», — адзначае Падаляк.
На думку палітыка, Лукашэнка са сваімі пагрозамі ёсць «дзіўным братам-блізнюком Мядзведзева», яны абодва выконваюць функцыю «клоўнскага ВІП-агітацыйнага цягніка» Крамля, каб проста хоць чым-небудзь перабіць негатыўны парадак дня ў дачыненні да Расіі.
«Лукашэнка сёння не ёсць суб'ектам не толькі глабальнай палітыкі, ён нават не суб'ект вайны ва Украіне. Лукашэнка паводзіць сябе як дзіўная копія Мядзведзева, якая мусіць рабіць вар'яцкія і анекдатычныя заявы, каб перабіць інфармацыйны парадак дня.
Вось, да прыкладу, ягоны «мірны план», які ён нам прапаноўваў: Украіна павінна здацца, адысці са сваіх жа тэрыторый, не планаваць контрнаступленняў і адмовіцца ад паставак заходняй зброі. І нібыта тады ўсё скончыцца», — распавядае Падаляк падчас інтэрв'ю.
Аляксандр Лукашэнка. Крыніца: Contributor Getty Images
Падаляк упэўнены, што падобнымі паводзінамі Лукашэнка дэманструе вельмі моцны страх, бо разумее ўсю небяспеку будучага пройгрышу Расіі ў вайне супраць Украіны.
Палітык падкрэслівае, што беларускае грамадства ў большасці сваёй не выбірала Лукашэнку ў 2020 годзе і пасля пройгрышу Расіі згадае яму ўсе жорсткія рэпрэсіі і забойствы.
«Яму вельмі страшна, таму ён працягвае гуляць у гэтую гульню. Лукашэнка знаходзіцца ў падвешаным стане і цудоўна ўсведамляе, што падзенне рэжыму Пуціна адразу ж выкліча праблемы на вуліцах Беларусі.
Практычна ўсё беларускае грамадства лічыць, што прэзідэнцкія выбары тады былі сфальсіфікаваныя. Гэта былі яго шостыя ці сёмыя выбары, але так ці інакш яны сапраўды былі скрадзеныя», — падагульняе дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
Нагадаем, што з моманту прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў і было заведзена больш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў супраць мірных грамадзян. Былі цалкам адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.
Чытайце таксама:
Расійскія войскі павінны пакінуць Беларусь разам з ядзернай зброяй — Ціханоўская
Зяленскі: Калі контрнаступ будзе паспяховым, Расія прайграе вайну
«Рускі ваенны карабель, ідзі на …» прызнаная найлепшай маркай свету ў 2022 годзе