Расія адмовіла місіі ААН у доступе да левабярэжнай Херсоншчыны

РФ адмовілася прапускаць гуманітарную місію ААН да людзей на левым беразе Херсонскай вобласці, якія пацярпелі ў выніку разбурэння Кахоўскай гідраэлектрастанцыі.

19.06.2023 / 07:22

Фота: ДСНС Украіны

«ААН супрацоўнічае з урадамі Украіны і РФ па эфектыўнай дастаўцы гуманітарнай дапамогі ўсім людзям, якія пацярпелі ў выніку разбурэння Кахоўскай дамбы. Урад РФ пакуль адхіліў наш запыт на доступ да тэрыторый, якія знаходзяцца пад яго часовым вайсковым кантролем», — гаворыцца ў заяве каардынатаркі місіі ААН ва Украіне Дэніз Браўн.

У заяве Браўн адзначаецца, што ААН працягне працаваць над пошукам доступу да людзей на левабярэжнай Херсоншчыны.

«Мы заклікаем расійскія ўлады дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі абавязаннямі ў міжнародным гуманітарным праве», — заявіла каардынатарка ААН.

У ноч на 6 чэрвеня расейцы ўзарвалі Кахоўскую гідраэлектрастанцыю, разбурыўшы машынную залу і плаціну, станцыю немагчыма аднавіць. Падрыў Кахоўскага вадасховішча пагражае бяспецы Запарожскай АЭС.

Падрыў Кахоўскай ГЭС таксама выклікаў экалагічную катастрофу. Вада з вадасховішча пачала затапліваць гарады і вёскі, пачалася эвакуацыя.

Па стане на 18 чэрвеня вядома пра 17 загінулых у выніку падрыву ГЭС, яшчэ 31 чалавек прапаў без вестак.

Nashaniva.com